Міністр спорту ўзяўся за "Дынама-Мінск" пасля разгромнай паразы ад "Славіі"

Игрок "Динамо-Минск"

Інтрыгі беларускага футболу / ФК "Динамо-Минск"

Пасля паразы мінскага "Дынама" у чацвёртым туры ад мазырскай "Славіі" з лікам 0:3, міністр спорту Беларусі Сяргей Кавальчук фактычна пачаў кіраваць камандай і ўмешвацца ў трэніровачны працэс. Падрабязнасці распавядае "Трыбуна".

На наступны дзень пасля матча ў Мазыры на базу "Дынама" у Стайках прыехаў Сяргей Кавальчук і ўчыніў жорсткі разнос камандзе, абражаючы футбалістаў і трэнераў, вінавацячы іх у высокіх заробках і пагражаючы звальненнямі ў выпадку новых няўдач.

Як адзначае "Трыбуна", такое адкрытае і хамскае ўмяшанне ў справы клуба адбылося ўпершыню.

Міністр спорту загадаў прыставіць да каманды "глядзячага" — нефармальнага куратара — якім стаў Пётр Качура. У яго задачы ўваходзіць кантроль за трэніровачным працэсам і назіранне за настроем у калектыве.

Акрамя таго, Кавальчук умяшаўся ў падрыхтоўку каманды да наступнай гульні. Ён змяніў трэніровачны графік "Дынама" перад матчам з БАТЭ. Футбалістаў фактычна "закрылі" на базе, забараніўшы яе пакідаць да самага матча.

Уведзены штодзённыя двухразовыя трэніроўкі з павышанымі нагрузкамі, нягледзячы на ўжо падрыхтаваны трэнерскім штабам план.

Таксама "Трыбуна" паведамляе, што трэнер Анатоль Юрэвіч, які быў абвінавачаны ва ўдзеле ў дагаворных матчах, спрабаваў праз Кавальчука ініцыяваць звальненне штаба "Дынама" на чале з галоўным трэнерам Вадзімам Скрыпчанкам. Замест яго ён прапаноўваў паставіць Аляксандра Паўлава, якога сам жа прасунуў у "Дынама" раней.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.