Беларусы прайшлі на Еўра-2026 па футзале, але ўдзел пад пытаннем з-за палітыкі

Зборная Беларусі па футзалу выйшла на Еўра, але ў Літве і Латвіі яе не чакаюць / bel.football
Зборная Беларусі па футзале другі раз у сваёй гісторыі забяспечыла сабе выхад у фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы 2026 года. Аднак пытанне аб яе ўдзеле ў турніры пакуль адкрытае: у краінах-гаспадынях — Літве і Латвіі — беларускую каманду прымаць не асабліва хочуць, а ў некаторых выпадках гэта нават забаронена на заканадаўчым узроўні. Пра гэта паведамляе “Трыбуна”.
У Латвіі з 2024 года дзейнічаюць папраўкі да закона “Аб спорце”, якія прама забараняюць правядзенне на тэрыторыі краіны любых спартыўных мерапрыемстваў з удзелам каманд з Расіі і Беларусі. Такім чынам, правядзенне матчаў з удзелам зборнай Беларусі ў Латвіі юрыдычна немагчыма.
У Літве прамой заканадаўчай забароны няма, але існуюць рэкамендацыі Міністэрства спорту не праводзіць спаборніцтвы з удзелам беларускіх і расійскіх каманд і не фінансаваць такія мерапрыемствы з дзяржаўнага бюджэту. Таму прыём беларускай зборнай у гэтай краіне малаверагодны без палітычнага ўмяшання.
Варта адзначыць, што на Еўра-2026 ужо кваліфікавалася зборная Украіны. Раней украінцы зняліся з чэмпіянату свету па пляжным футболе з-за ўдзелу ў ім Расіі. Паводле дзеючых норм, Украіна не можа ўдзельнічаць у турнірах разам з Беларуссю, калі беларусы выступаюць пад нацыянальным сцягам і гімнам — а менавіта так зборная Беларусі і гуляе.

УЕФА стаіць перад складаным выбарам: або зняць зборную Беларусі з турніру, або пераканаць улады Латвіі і Літвы часова адступіць ад сваіх законаў і рэкамендацый, або перанесці Еўра-2026 у іншую краіну.
Спецыфічныя футбалісты ў складзе зборнай Беларусі
У зборнай Беларусі па футзале пераважна гуляюць беларускія спартоўцы. Аднак у складзе таксама ёсць два легіянеры, што выступаюць за расійскі клуб КПРФ: Сяргей Крыкун і Дзмітрый Швядко.
КПРФ — каманда, непасрэдна звязаная з аднайменнай расійскай партыяй, якую ў Літве і Латвіі лічаць варожай. Лідар партыі Генадзь Зюганаў адкрыта выступаў супраць суверэнітэту краін Балтыі.
Асобна спрэчнай фігурай з’яўляецца ўраджэнец Горлаўкі Сяргей Крыкун. У маладосці ён гуляў за зборную Украіны, але пазней атрымаў беларускае грамадзянства.
Пасля пачатку паўнамаштабнай вайны ва Украіне спартсмен быў заўважаны на мерапрыемствах з прарасійскімі мэсэджамі і праводзіў “майстар-класы” для дзяцей у акупаванай Горлаўцы, раздаючы сувеніры з савецкай сімволікай.
Таксама ў камандзе выступае галкіпер Арцём Петухоў — у мінулым падпісант праўладнага ліста ў падтрымку Лукашэнкі, апублікаванага пасля масавых пратэстаў 2020 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.