Беларускіх ватэрпалістаў дапусцілі на міжнародныя турніры насуперак МАК

Ватэрпалісты, ілюстрацыйнае фота

Ватэрпалісты, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Міжнародная федэрацыя водных відаў спорту (World Aquatics) дапусціла беларусаў і расіян да ўдзелу ва ўсіх сваіх спаборніцтвах па камандных гульнявых відах, заўважыла расійскае выданне "Коммерсант". Гаворка ідзе пра воднае пола.

4 лістапада федэрацыя апублікавала абноўленыя правілы допуску да спаборніцтваў для спартоўцаў з Беларусі і Расіі. Яны набываюць моц з 1 студзеня 2026 года. Гэтыя правілы дазваляюць беларусам і расіянам прымаць удзел у спаборніцтвах па водным пола.

У лютым 2022 года Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамендаваў спартовым федэрацыям адхіліць прадстаўнікоў РФ і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў за вайну, развязаную ва Украіне. У студзені 2023-га МАК дапусціў удзел спартоўцаў з РФ і Беларусі ў турнірах у асабістых спаборніцтвах, пад нейтральным сцягам і пры ўмове, што яны адкрыта не падтрымлівалі расійскую агрэсію. 

Але абмежаванне МАК на ўдзел у камандных спаборніцтвах захоўвалася, і больш за 3,5 гады ад яе ніхто не адыходзіў. World Aquatics стала першай буйной структурай, якая парушыла рэкамендацыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.