Грамадзянку Беларусі перадалі з Францыі ў ЗША па справе аб парушэнні санкцый

Санкцыі, ілюстрацыйнае фота

Санкцыі, ілюстрацыйнае фота / Reuters

33-гадовую грамадзянку Беларусі Яну Лявонаву, якая раней жыла ў Расіі, экстрадавалі з Францыі ў Злучаныя Штаты. Яе вінавацяць у змове з мэтай парушэння амерыканскага заканадаўства аб экспартным кантролі, кантрабандзе, адмыванні грошай і махлярстве супраць урада ЗША.

Абвінавачанне выставіла пракуратура акругі Калумбія пры ўдзеле Міністэрства юстыцыі ЗША, ФБР і Бюро прамысловасці і бяспекі.

Як заяўляе следства, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Лявонава з саўдзельнікамі ў траўні 2022-га закупляла ў ЗША авіяцыйнае і электроннае абсталяванне. Яно прызначалася для самалётаў прыватнай кампаніі, якую Міністэрства гандлю ЗША ўнесла ў "чорны спіс".

Для абыходу санкцый удзельнікі схемы выкарыстоўвалі падстаўныя кампаніі ў Арменіі, на Мальдывах ды іншых краінах. Потым абсталяванне перапраўлялася адтуль у Расію без ліцэнзій, якіх патрабуе амерыканскае заканадаўства.

У ФБР падкрэсліваюць, што беларуска свядома і сістэматычна абыходзіла экспартныя законы, падаючы фальшывыя звесткі пра канчатковых атрымальнікаў і краіны прызначэння абсталявання. Яна арганізоўвала транзіт паставак праз пасярэднікаў і пераводзіла плацяжы ў доларах ЗША з замежных рахункаў на амерыканскія, каб замаскаваць сляды здзелкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.