Беларускага валанцёра хочуць дэпартаваць з Польшчы

Польскія памежнікі, ілюстрацыйнае фота 

Польскія памежнікі, ілюстрацыйнае фота  / Strazgraniczna.pl

38-гадовага беларускага валанцёра Сяргея хочуць дэпартаваць з Польшчы ў Беларусь, хаця ён адкрыта падтрымлівае Украіну. Мужчыну затрымалі ў Варшаве пасля выхаду з офіса польскай дабрачыннай арганізацыі, якой ён дапамагаў, піша MOST.

Каардынатарка арганізацыі Kwitnący Dom Ганна Клос расказала журналістам, што апошні раз калегі бачылі Сяргея ў нядзелю, 19 кастрычніка. Але дадому ён так і не дабраўся.

Пазней высветлілася, што ў той дзень Сяргея затрымаў патруль паліцыі — нібыта па падазрэнні ў захоўванні чужых дакументаў. Потым мужчыну перадалі памежнікам, а тыя даставілі яго ў пастарунак памежнага ведамства ў Пшэмыслі.

Памежнікі выдалі беларусу абавязацельства вярнуцца на радзіму — фактычна гэта дэпартацыя.

Ганна Клос кажа, што ў беларуса скончыўся тэрмін дзеяння ВНЖ — карты пабыту. Падаць дакументы на новую ён не змог. Цягам апошняга квартала на Сяргея напалі невядомыя, сярод іншага ў яго забралі дакументы. Падоўжыць карту пабыту без пашпарта мужчына не мог. Аднак у яго была даведка аб страце дакументаў.

Аднак адсутнасць ВНЖ не адзіная прычына, па якой беларуса прымушаюць пакінуць Польшчу. Паўтара года таму ён быў аштрафаваны за язду ў нецвярозым стане. "Камендант памежнай службы сцвярджае, што ён уяўляе пагрозу бяспецы Польшчы", — тлумачыць Ганна.

Цяпер валанцёры змагаюцца за тое, каб беларус застаўся ў Польшчы. Юрыстка, якая займаецца яго справай, дапамагла абскардзіць рашэнне аб абавязацельстве вярнуцца ў краіну паходжання.

Сам Сяргей, як паведамляецца, плануе прасіць міжнародную абарону. Пра сітуацыю з ім валанцёры апавясцілі амбасаду Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.