Каля 500 літоўскіх фур, якія затрымаліся ў РБ, хочуць прапусціць праз Беняконі
Чарга фураў, ілюстрацыйнае фота
Для пропуску літоўскіх фур, якія затрымаліся ў Беларусі, плануецца адкрыць закрыты памежны пункт пропуску "Шальчынінкай" (з беларускага боку "Беняконі"). Там знаходзяцца каля 500 аўтамабіляў з літоўскай рэгістрацыяй.
Па гэтым пытанні Літва плануе звярнуцца да ўладаў Беларусі.
"Вялікая група знаходзіцца на пункце пропуску "Шальчынінкай", там з беларускага боку, у Беняконях. Мы мяркуем, што транспартныя сродкі змогуць пачаць рух праз гэты пункт, паколькі яны больш нікуды не могуць ехаць. Там і кіроўцы, і прычэпы", — перадае LRT словы міністра ўнутраных спраў Літвы Уладзіслава Кандратовіча.
Паводле яго, паведамленне будзе перададзенае на тэхнічным узроўні праз памежнікаў. "Паглядзім, як адрэагуе Беларусь", — дадаў міністр.
Пасля закрыцця беларуска-літоўскай мяжы ў нашай краіне засталося каля 5000 фур і паўпрычэпаў з літоўскай рэгістрацыяй. Рэжым Лукашэнкі не дазваляе ім пакінуць краіну праз якія-небудзь іншыя ўчасткі мяжы акрамя беларуска-літоўскага.
Таксама 31 кастрычніка Лукашэнка падпісаў указ, які забараняе выкарыстанне і перамяшчэнне па тэрыторыі краіны грузавікоў і аўтацягнікоў, зарэгістраваных у Літве і Польшчы.