Літва папросіць вярнуць грузавікі з Беларусі, але мяжу не адчыніць
Чарга фур, ілюстрацыйнае фота
Афіцыйная Вільня папросіць Мінск вярнуць грузавікі, якія затрымаліся ў Беларусі пасля закрыцця мяжы. Пры гэтым саму мяжу адчыняць пакуль не плануецца. Пра гэта заявіла кіраўніца літоўскага ўрада Інга Ругінене.
"Працэс ужо ідзе, перамовы вядуцца, паглядзім, якім будзе вынік. Мы прыкладзем усе намаганні, каб літоўскія грузавікі вярнуліся дадому. Але сама мяжа застанецца закрытай", — перадае LRT словы прэм'ер-міністаркі Літвы.
На мінулым тыдні ўрад Літвы пастанавіў зачыніць мяжу з Беларуссю да 30 лістапада. Гэта звязана з масавымі запускамі кантрабандных метэазондаў з тэрыторыі Беларусі, у выніку чаго аэрапорты ў Вільні і Коўне цягам тыдня былі вымушаныя чатыры разы спыняць працу.
Пасля закрыцця мяжы выявілася, што на тэрыторыі Беларусі затрымаліся 5000 грузавікоў і паўпрычэпаў з літоўскай рэгістрацыяй. Выехаць праз іншыя ўчасткі беларускай мяжы ім не дазваляе рэжым Лукашэнкі. Нацыянальная асацыяцыя аўтамабільных перавозчыкаў LINAVA звярнулася да прэм'ера з просьбай тэрмінова знайсці выйсце з сітуацыі.
Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч кажа, што разглядаецца магчымасць павялічыць прапускную здольнасць пункта пропуску Мядзінінкай, які часткова працягвае дзейнічаць. Паводле яго, праз Мядзінінкай можна было б прапускаць каля 200 грузавікоў у суткі, але цяпер гэты паток значна меншы. Кандратовіч назваў гэта магчымым сабатажам з боку Беларусі.