Сотні літоўскіх фур затрымаліся ў Беларусі пасля закрыцця мяжы
Фуры, ілюстрацыйнае фота / @gpkgovby
Некалькі соцень грузавікоў літоўскіх транспартных кампаній не могуць вярнуцца ў краіну пасля таго, як Літва на месяц закрыла мяжу з Беларуссю. Нацыянальная асацыяцыя аўтаперавозчыкаў "Linava" заклікае ўрад тэрмінова разам з прадстаўнікамі бізнесу шукаць выйсце з сітуацыі.
Частка перавозчыкаў выязджае з Беларусі праз памежныя пераходы з Латвіяй і Польшчай. Аднак і там утварыліся велізарныя чэргі. Да таго ж, пошук аб'язных шляхоў павялічвае выдаткі і парушае ланцужкі паставак. Кіроўцы гадзінамі не маюць яснай інфармацыі, некаторыя сутыкаюцца з праблемамі забеспячэння і адпачынку.
"Акрамя таго, дзясяткі транспартных сродкаў цяпер не могуць выехаць праз латвійскія ці польскія пункты пропуску, бо яны ўжо былі аформленыя з боку Беларусі, але пасля закрыцця мяжы ім не дазволілі вярнуцца ў Літву. Такая сітуацыя выклікае сур'ёзныя пытанні наконт правоў кіроўцаў", — перадае LRT словы генсакратара асацыяцыі "Linava" Нарунаса Раўлінайціса.
29 кастрычніка ўрад Літвы пастанавіў закрыць мяжу з Беларуссю да 30 лістапада. Праз пераход "Камены Лог — Мядзінінкай" могуць праязджаць толькі дыпламаты, асобы са спрошчаным транзітным дакументам, грамадзяне Літвы і іх сем'і, якія вяртаюцца ў краіну, грамадзяне краін ЕС і NATO з сем'ямі, а таксама замежнікі, якія маюць від на жыхарства ў Літве ці гуманітарную візу.