Памежны камітэт атрымае 300 тысяч долараў ад міжнароднага фонду на ахову мяжы
Мяжа Беларусі, ілюстрацыйнае фота / delfi.lt
Беларускія памежнікі атрымаюць грошы ад міжнароднага фонду на ахову мяжы. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Антон Бычкоўскі.
Паводле яго, фінансаванне адбываецца ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі пад назвай "Узмацненне патэнцыялу Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусь у сувязі з магчымым павелічэннем выпадкаў прыбыцця мігрантаў на мяжу".
"Фінансуецца ён Фондам развіцця Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, і бюджэт праекта складае 300 тысяч долараў ЗША", — дадаў Бычкоўскі.
Разам з тым прадстаўнік Памежнага камітэта выказаў прэтэнзію, што суседнія з Беларуссю краіны адмаўляюцца супрацоўнічаць у гэтай сферы і прадастаўляць фінансы.
"Хацелася б, каб падобныя крокі насустрач таксама былі зробленыя іншымі зацікаўленымі міжнароднымі арганізацыямі, а таксама Еўрасаюзам", — заявіў ён.
На межах Беларусі з краінамі Еўрасаюза ад лета 2021 года працягваецца міграцыйны крызіс. Беларускія ўлады не спыняюць мігрантаў, якія спрабуюць нелегальна трапіць у ЕС, а часам прадстаўнікі Беларусі нават дапамагаюць ім перабрацца праз мяжу. Нядаўна Лукашэнка заявіў, што спыніць міграцыйны крызіс толькі пры ўмове зняцця санкцый з яго рэжыму.