FEI дазволіла праводзіць у Беларусі міжнародныя конныя спаборніцтвы

Конны спорт, ілюстрацыйнае фота

Конны спорт, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Бюро Міжнароднай федэрацыі коннага спорту (FEI) дазволіла праводзіць міжнародныя спаборніцтвы на тэрыторыі Беларусі. Гаворка ідзе ў тым ліку пра кваліфікацыйныя спаборніцтвы пад эгідай FEI.

Гэта рашэнне набывае моц неадкладна. Як паведамляе прэс-служба НАК Беларусі, пры гэтым будзе спрошчаны парадак атрымання нейтральнага статусу і працэдура не запатрабуе дадатковых праверак.

Усе міжнародныя афіцыйныя асобы FEI з Беларусі змогуць выконваць свае абавязкі на ўсіх міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе.

Міжнародныя санкцыі на беларускіх спартоўцаў былі накладзеныя ў лютым 2022 года пасля пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны. У тым ліку на тэрыторыі Расіі і Беларусі былі забароненыя міжнародныя спаборніцтвы пад эгідай федэрацый, уключаных у Міжнародны Алімпійскі камітэт. Пазней МАК змякчыў санкцыі і дазволіў удзел спартоўцаў з РФ і РБ у нейтральным статусе і пры адсутнасці публічнай падтрымкі расійскай агрэсіі.

Сёння стала вядома, што Міжнародная федэрацыя водных відаў спорту дапусціла да сваіх турніраў каманды з Беларусі і Расіі па водным пола.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.