Што вядома пра беларусаў-дэзерціраў з расійскага войска

Расійская армія

Расійская армія / прэс-служба Мінабароны Беларусі

Трое ўраджэнцаў Беларусі апынуліся ў спісе з 1292 вайскоўцаў, якія дэзерціравалі з 144-й асобнай мотастралковай брыгады Узброеных сіл РФ. Такія звесткі 30 кастрычніка апублікаваў украінскі праект "Хачу жыць".

"У нас няма інфармацыі пра іх лёс, толькі ведаем, што людзі ў гэтым спісе падаваліся ў вышук іх камандзірамі, як тыя, хто здзейснілі СПЧ [самавольнае пакіданне часткі — Еўрарадыё]", — расказалі "Хачу жыць" Еўрарадыё.

У спісе лічацца:

Шэўчык Віталь Віктаравіч, 15 траўня 1989 года, з вёскі Гаранавічы [імаверна, Баранавічы. — Еўрарадыё] Брэсцкай вобласці.

Юсін Віталь Аляксандравіч, 13 снежня 1970 года, месца нараджэння Брэст.

Усцінаў Сяргей Віктаравіч, нарадзіўся 18 красавіка 1977 года ў г. Выхаве [імаверна, Быхаў. — Еўрарадыё] Магілёўскай вобласці.


Пяць разоў судзімы — заключыў кантракт

З дапамогай BELPOL Еўрарадыё ўдалося ўстанавіць, што ў беларускай базе пашпартоў знаходзіцца толькі адзін з іх — Віталь Шэўчык. Астатнія, імаверна, маюць расійскія пашпарты.

Беларус быў пяць разоў судзімы, першы тэрмін атрымаў у 15 гадоў. Сярод злачынстваў: крадзяжы, хуліганства і разбой (за яго атрымаў 7 гадоў). Быў у базе вышуку 12 разоў.

Апошняе месца працы — "Баранавічыгазбуд" у 2018 годзе. Пасля гэтага ён пераехаў у Расію.

Что известно о белорусах-дезертирах из российской армии
Віталь Шэўчык / Сацсеткі

Мяркуючы па профілі Шэўчыка ў сацыяльных сетках, у яго двое дзяцей, а партнёрка жыве ў Курску.

Карэспандэнтка не прадстаўлялася супрацоўніцай Еўрарадыё, але прадставілася журналісткай і паразмаўляла з блізкімі сваякамі Віталя.

Бацька даўно з ім не меў зносінаў. Калі журналістка сказала, што спрабуе знайсці Віталя, той адказаў, што "міліцыя ведае, дзе ён знаходзіцца", і дадаў, што "Расія яго не адпускае".

Пасля гэтага трубку нечакана бярэ маці Віталя.

— У СМІ пісалі, што ён вырашыў не ваяваць. І я хацела даведацца, можа, вы ведаеце абставіны, як даўно ён у войску?

— Так, я ведаю, але хто ты такая і наогул, прабач, што на "ты" і наогул, чаму я павінна камусьці нешта распавядаць? Мне пофіг, журналістка ты, нават хоць сам прэзідэнт патэлефануе, я нічога нікому не раскажу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.