На мяжы Украіны з Беларуссю з'явіліся білборды да 9 траўня

Плакат з партрэтам Вінцэнта Гадлеўскага

Плакат з партрэтам Вінцэнта Гадлеўскага / facebook.com/lesha.franc

На мяжы Украіны з Беларуссю выставілі білборды да 9 траўня. Пра іх з'яўленне напісаў у сацсетках кіраўнік дабрачыннага фонду "Вільна Білорусь" Аляксей Францкевіч.

На адным з білбордаў паказаны ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі — удзельнік беларускага нацыянальнага руху і сябра Рады БНР. Гэты святар адным з першых перайшоў на казані на беларускай мове. Падчас нямецкай акупацыі ён быў галоўным школьным інспектарам пры Генеральным камісарыяце Беларусі, кіраваў працай па падрыхтоўцы навучальных праграм для беларускіх пачатковых школ, адначасова быў членам Цэнтральнай Беларускай Народнай самадапамогі. Неўзабаве Гадлеўскі выступіў з крытыкай нямецкай палітыкі ў дачыненні да беларускага народа. У 1942 годзе паліцыя арыштавала яго. Гадлеўскага расстралялі ва ўрочышчы Благаўшчына канцлагера Трасцянец.

"Хіба можна лічыць святам гадавіну падзеі, якая прывяла да гібелі — толькі задумайцеся — кожнага трэцяга жыхара Беларусі! 9 траўня для беларусаў — гэта перш за ўсё напамін пра маштабную нацыянальную трагедыю",піша Аляксей Францкевіч, каментуючы з'яўленне білбордаў.

Ён нагадвае пра мільёны людзей, якія загінулі ў гета, канцлагерах, пад бамбёжкамі, у карных аперацыях, на франтах і ў партызанскіх атрадах. Актывіст заклікае памятаць пра вайну "не дзеля мінулага, а для таго, каб у будучыні гэты жах не паўтарыўся ў Беларусі".

На мяжы Украіны з Беларуссю з'явіліся білборды да 9 траўня
Плакаты на мяжы Украіны і Беларусі / facebook.com/lesha.franc

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.