На мяжы Беларусі з Польшчай "захраслі" больш за 100 цыстэрнаў газу з Казахстана
Казахстанскія цыстэрны з газам не могуць трапіць з Беларусі ў Польшчу / East News, Stanislaw Bielski/REPORTER
Польская мытня не прапускае з Беларусі праз мяжу чыгуначныя цыстэрны са звадкаваным газам з Казахстана.
Паводле звестак money.pl на 26 студзеня, на беларуска-польскай мяжы "захраслі" больш за сто цыстэрнаў. Яны мусілі дабрацца да еўрапейскіх спажыўцам яшчэ пад канец снежня 2024 года. Праблемы з пастаўкамі ўзніклі праз эканамічныя санкцыі, уведзеныя Еўрасаюзам.
Польскія мытнікі асцерагаюцца, што пад выглядам казахстанскага ў Еўропу можа пастаўляцца расійскі звадкаваны газ. Напрыканцы 2023 года ЕС увёў абмежаванні на імпарт расійскага газу. Пераходны перыяд дзейнічаў цягам года, і 20 снежня 2024-га забарона набыла моц — акурат, калі прыбыў цягнік.
Паводле інфармацыі СМІ, затрымка ўжо справакавала дэфіцыт чыгуначных цыстэрнаў у Казахстане.