На мірных акцыях 1 верасня міліцыянты затрымалі 128 чалавек

На мірных акцыях 1 верасня міліцыянты затрымалі 128 чалавек

1 верасня падчас мірных акцыяў, якія праходзілі ў розных гарадах Беларусі, міліцыя затрымала 128 чалавек. Такую лічбу называе прэс-служба МУС. 

Агулам, на думку МУС, у пратэстных акцыях прыналі ўдзел каля 2300 чалавек. "У сталіцы на працягу дня ажыццяўляліся несанкцыянаваныя шэсці ўздоўж праспекта Незалежнасці і па вуліцах горада. Увечары на плошчы Незалежнасці зноў сабраліся каля 200 чалавек. Пасля неаднаразовых папярэджанняў міліцыі пратэстоўцы разышліся", — гаворыцца ў паведамленні МУС.

Між тым, журналісты ацэньвалі студэнцкае шэсце па Мінску ў некалькі тысяч. Колькасць удзельнікаў вечаровай акцыі на плошчы Незалежнасці таксама ацэньвалася прыкладна ў 500 чалавек.

На 95 чалавек (у тым ліку больш за 30 студэнтаў) міліцыянты 1 верасня склалі адміністрацыйныя пратаколы. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Да разгляду спраў у судзе затрыманыя 39 чалавек. У лік затрыманых трапілі журналісты партала TUT.by, "КП в Белоруссии" і інфармагенцтва БелаПАН: іх таксама вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Прэс-служба МУС заяўляе, што былі і іншыя парушэнні заканадаўства: "Акрамя таго, у органах унутраных спраў зарэгістраваныя шматлікія заявы ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і супрацоўнікаў праваахоўных органаў аб пагрозах у сувязі з ажыццяўленнем імі службовай дзейнасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.