МЗС Эстоніі: Выбары ў Беларусі прызнаюць, хоць там і было шмат парушэнняў

У сваім стаўленні да беларускіх выбараў Эстонія будзе кіравацца станоўчымі момантамі іх ацэнкі ў справаздачы БДІПЧ АБСЕ
Такую заяву зрабіла міністр замежных спраў Эстоніі Марына Кальюранд 30 кастрычніка на канферэнцыі “Рубікон-2015: Беларусь як фактар бяспекі і стабільнасці”.
Марына Кальюранд: “Сапраўды, кожная дзяржава будзе рабіць свае высновы, але найперш мы глядзім, што ў выніковай справаздачы піша БДІПЧ АБСЕ. Бо мы лічым, што яны даюць вельмі збалансаваны падыход. Яны пішуць станоўчае, але ёсць шмат крытыкі. Ужо сёння сказана, што гэта не цалкам дэмакратычныя выбары. Але з іншага боку адзначаецца, што альтэрнатыўныя кандыдаты былі вылучаныя, што быў час на абмеркаванне кандыдатур. Можа быць, не ідэальная кампанія, не самая добрая, але ёсць і станоўчыя знакі. Такім чынам, выбары прызнаюцца, але вельмі шмат яшчэ трэба зрабіць для таго, каб яны былі цалкам адкрытыя, празрыстыя і дэмакратычныя”.
Па словах Марыны Кальюранд, сёння Беларусь і Еўрасаюз могуць больш актыўна супрацоўнічаць у эканамічных накірунках, а таксама ў пытаннях аблягчэння візавага рэжыму. Міністр звярнула асаблівую ўвагу на тое, што Эстонія выступае не толькі за змяншэнне кошту шэнгенскіх віз для беларусаў, але і за безвізавы рэжым з нашай краінай. І нагадала, што ў 2014 годзе Эстонія выдала беларусам амаль 50 тысяч віз. Прычым, большасць з іх — шматразовыя, а амаль палова — бясплатныя. Што да эканамічнага аспекта, то, кажа Марына Кальюранд, Эстонія выступае за ўваходжанне Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.