Мядзведзеў пагражае не пускаць у Расію ўвесь украінскі транспарт

Мядзведзеў пагражае не пускаць у Расію ўвесь украінскі транспарт

Расійскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў назваў "бандытамі" і "вар'ятамі" ўкраінскіх актывістаў, якія блакуюць рух расійскіх грузавікоў. Заява прагучала на яго нарадзе з віцэ-прэм'ерамі.

"Наколькі я ведаю, нейкія вар'яты спрабуюць спыняць нашы вялікагрузныя машыны", — цытуе РБК кіраўніка расійскага ўрада. Мядзведзеў спытаўся, ідзе гаворка пра "ўзброеныя фармаванні" або "нейкія ўкраінскія сілы". На гэта віцэ-прэм'ер Аркадзь Дварковіч паведаміў, што блакаваннем расійскіх фураў займаюцца групоўкі, звязаныя з забароненым у Расіі "Правым сектарам". У адказ Мядзведзеў заявіў, што гэта бандыты.

Па словах расійскага прэм'ера, блакаванне фураў "азначае, што ўлады ва Украіне няма або, іншымі словамі, ва ўладзе знаходзяцца вось гэтыя экстрэмісцкія групоўкі".

Калі кіраўніку расійскага ўрада перадалі, што Украіна афіцыйна забараніла транзіт расійскіх грузавікоў, Мядзведзеў адказаў, што Масква можа забараніць рух усіх відаў транспарту з тэрыторыі Украіны па тэрыторыі Расіі.

У панядзелак Кіеў абвясціў пра забарону на транзіт расійскіх грузавікоў па тэрыторыі Украіны. Украінскія ўлады патлумачылі, што такое рашэнне прынялі ў адказ на аналагічнае рашэнне Масквы. Яно, у сваю чаргу, тлумачылася дзеяннямі ўкраінскіх актывістаў.