Мужчыну асудзілі пажыццёва за забойства сужыцелькі і немаўляці
Набыў законную моц прысуд судовай калегіі Магілёўскага абласнога суда ў дачыненні да 28-гадовага жыхара Глускага раёна.
Ён асуджаны да пажыццёвага зняволення за забойства сужыцелькі і яе трохмесячнай дачкі, паведамляе БЕЛТА.
На пачатку верасня 2013 года абвінавачаны прыйшоў да сваёй сужыцелькі ў пасёлку Глуск, дзе яна была з малалетнімі дзецьмі — двухгадовым сынам і 3-месячнай дачкой. Паміж маладым чалавекам і жанчынай пачалася сварка, бо ён не лічыў сябе бацькам дзіцяці. Мужчына пачаў жорстка збіваць жанчыну, якая трымала дзіця на руках. У ход пайшлі не толькі кулакі, але і адвёртка. Пацярпелая страціла прытомнасць і павалілася на падлогу. Мужчына звязаў ногі і шыю жанчыны вяроўкай, змясціў цела ў мех. Потым ён абматаў галаву малалетняга дзіцяці цыратай, замацаваўшы яе вяроўкай на шыі, і змясціў дзяўчынку ў мяшок разам з маці. Пагрузіўшы мех з целамі ахвяраў у багажнік аўтамабіля, злачынец вывез і закапаў яго каля будынка кінутай фермы. Паводле высноваў судова-медыцынскай экспертызы, у момант пахавання жанчына была яшчэ жывая.
Акрываўленую вопратку, якая была на ім у момант злачынства, мужчына выкінуў у кантэйнер каля мясцовых могілак. Адвёртку, якой ён біў пацярпелую, кінуў у раку.
Зламыснік пакінуў у хаце без догляду і харчавання свайго бездапаможнага малалетняга сына. Хлопчыка знайшлі амаль праз суткі.
Падчас папярэдняга расследавання абвінавачаны адмаўляў сваё дачыненне да злачынства. Па яго словах, забойства здзейсніў нібыта невядомы яму мужчына, які вёў рамонтныя работы ў доме пацярпелай. Аднак яго віна ў учыненых злачынствах была цалкам даказаная.
Суд прызначыў у якасці меры пакарання пажыццёвае зняволенне ў папраўчай калоніі асобага рэжыму. Таксама з асуджанага спагнана 250 млн рублёў на карысць маці забітай ім жанчыны.
Вярхоўны суд не падтрымаў касацыйную скаргу асуджанага.
Фота — rusinfonews.ru