МУС: "Мы не дапусцім хаосу і не дазволім ладзіць беспарадкі на вуліцах"

"Мы не дапусцім хаосу і не дазволім ладзіць беспарадкі на вуліцах, — заявіў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" намеснік міністра ўнутраных спраў, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Аляксандр Барсукоў. — Паверце, у нас дастаткова сіл і сродкаў, каб супрацьстаяць тым, хто не жадае выконваць законы нашай краіны".
Барсукоў заявіў, што "цяперашняя [прэзідэнцкая] выбарчая кампанія [у Беларусі] праходзіць у напружаных умовах". Паводле яго слоў і падчас санкцыянаваных, і падчас несанкцыянаваных мерапрыемстваў "нярэдка гучаць заклікі да падрыву стабільнасці і незалежнасці Беларусі". Генерал перакананы, што некаторыя падзеі ў нашай краіне — "гэта частка палітычнай тэхналогіі, якая накіраваная на расхістванне і дэстабілізацыю сітуацыі".
Аляксандр Барсукоў папярэдзіў арганізатараў несанкцыянаваных акцый пра "персанальную адказнасць" і "негатыўныя наступствы". МУС просіць грамадзян не ўдзельнічаць у такіх недазволеных мерапрыемствах і нагадвае пра "адказнасць за парушэнне заканадаўства". Беларусаў заклікаюць "зрабіць свой выбар цывілізавана, без хаоса і беспарадкаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.