МУС абмяркуе, на колькі кіроўцам можна перавышаць хуткасць беспакарана

МУС абмяркуе, на колькі кіроўцам можна перавышаць хуткасць беспакарана

Сябры грамадскай рады пры Міністэрстве ўнутраных спраў выступілі з ініцыятывай лібералізацыі асобных пунктаў заканадаўства датычнага адміністрацыйнага права. Як распавядае Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы МУС Канстанцін Шалькевіч, размова ішла і пра змены ў Правілах дарожнага руху, пакаранне за з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы.

Шалькевіч: “На нашым сайце будзе магчымасць, каб абмеркаваць усе гэтыя прапановы разам з грамадзянамі. І па выніках гэтага апытання, калі ўсё ў нас атрымаецца і нашы з сябрамі Грамадскай рады ідэі знойдуць падтрымку, то мы пакідаем за сабой права выхаду з заканадаўчай ініцыятывай, скіраванай на тое, каб змяніць пэўныя артыкулы, альбо дыспазіцыі артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу”.

Сярод іншага, кажа прадстаўнік МУС, ёсць прапанова аб скасаванні адміністрацыйнай адказнасці за перавышэнне хуткасці руху аўтамабіля з 10 да 20 кіламетраў за гадзіну. Такім чынам, калі зараз беспакарана перавышаць хуткасць можна на 10 кіламетраў, то калі ініцыятыву сяброў Грамадскага савету пры МУС падтрымаюць людзі і дэпутаты, па горадзе спакойна можна будзе ехаць з хуткасцю не 60, а 79 кіламетраў за гадзіну.

Калі сайт МУС пачне апытваць беларусаў па пытаннях магчымай лібералізацыі асобных нормаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, суразмоўца Еўрарадыё не ўдакладніў.

Фота: БЕЛТА