Міліцыянты ў Гомелі выпадкова дадалі ў свой чат "экстрэміста"

Міліцыянт, ілюстрацыйнае фота

Міліцыянт, ілюстрацыйнае фота / beresta.by

Гомельскія міліцыянты выпадкова дадалі ў свой унутраны чат апазіцыйнага актывіста, які знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі. Каля месяца малады чалавек чытаў перапіску сілавікоў і ўнутраныя дакументы, якія выкладвалі ў чаце.

Як піша "Флагшток", гаворка ідзе пра закрыты чат у Вайберы пад назвай "Саюз спецыялістаў". Мяркуючы па перапісцы, у групу ўключаныя супрацоўнікі крымінальнага вышуку, якія не займаюцца палітычнымі справамі.

Малады актывіст, які пакінуў Беларусь у выніку палітычнага пераследу, праз Вайбер тэлефанаваў у аддзелы міліцыі як пранкер. Напрыклад, у гомельскую абласную міліцыю ён тэлефанаваў, каб расказаць ім аб прылётах расійскіх дронаў у рэгіён.

Праз нейкі час яго вайбер-акаўнт трапіў у групу "Шашлыкі", а потым — у чат "Саюз спецыялістаў". У перапісках у гэтым чаце міліцыянты выкладвалі не толькі матэрыялы пра крадзяжы, але і справаздачы аб працы з "дармаедамі", аб "супрацьдзеянні экстрэмізму". Так палітуцякач даведаўся, што беспрацоўнымі "дармаедамі" вымушаныя займацца нават супрацоўнікі крымінальнага вышуку.

Палітуцякач кажа, што яго ўразілі настроі міліцыянтаў. Многія паказалі сябе як "ватнікі" і "саўкі". Некаторыя карыстальнікі чату паставілі на аватаркі савецкую сімволіку.

Прыкладна праз месяц доступ да чата ў маладога чалавека раптоўна знік. 

Міліцыянты ў Гомелі выпадкова дадалі ў свой чат "экстрэміста"
Перапіска міліцыянтаў / "Флагшток"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.