Міліцыя затрымлівае ўдзельнікаў конкурсу гомельскага трэш-блогера

Адзін з удзельнікаў конкурсу блогера Mellstroy / УУС Мінгарвыканкама
Мінская міліцыя пачала затрымліваць людзей, якія ўдзельнічаюць у конкурсе трэш-блогера Mellstroy.
Некалькі дзён таму ён абвясціў конкурс крэатыўных відэа ў TikTok, каб прапіярыць свой праект Mellstroy.game. Блогер абяцаў цягам месяца штодня набываць кватэру ціктокеру, чыё відэа яму больш за ўсё спадабаецца. Пасля гэтага ў сацсетцы пачалося шалёнае спаборніцтва. Людзі малююць назву праекта на зубах, робяць тату, размалёўваюць пашпарты і г.д.
Мінскія міліцыянты заявілі, што некаторых удзельнікаў затрымалі. Сярод іх хлопец, які прайшоўся па Нямізе з плакатам з надпісам Mellstroy.game, а таксама дзяўчына з такім жа плакатам у метро. Усё гэта палічылі несанкцыянаваным пікетам.
Начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Гарохаў паабяцаў праблемы ўсім, хто займаецца такой рэкламай.
Блогер Mellstroy — ураджэнец Гомеля Андрэй Бурым. У 2020 годзе ён праславіўся тым, што падчас аднаго са сваіх стрымаў збіў дзяўчыну. Пасля гэтага на блогера пачалі крымінальную справу. Яму прызначылі паўгода папраўчых работ і штраф.
Цяпер Mellstroy мае 3,6 мільёна падпісчыкаў у TikTok і 3 мільёны ў Інстаграме. Ён перыядычна абвяшчае конкурсы, за якія абяцае вялікія прызы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.