Студэнта з Конга, які зняў відэа аб росце коштаў у РБ, выклікалі ў міліцыю

Студэнт з Конга Натан Тэлафат

Студэнт з Конга Натан Тэлафат / кадр з роліка ў TikTok

Студэнта з Конга, які зняў ролік пра падаражанне тавараў у Беларусі, выклікалі ў міліцыю.

Студэнт Натан Тэлафат запісаў у TikTok жартаўлівы ролік пра тое, што ў Беларусі падаражэла Coca-Cola. Ролік завірусіўся і атрымаў шмат каментароў. Пазней хлопец запісаў новае відэа, дзе папрасіў прабачэння ў беларусаў, патлумачыў, што ролік быў жартаўлівы і паведаміў, што яму тэлефанавалі з міліцыі.

Цяпер у TikTok з'явілася яго новае відэа. Хлопец расказаў, як хадзіў у міліцыю. Паводле яго, міліцыянты сказалі, што ён не зрабіў нічога дрэннага.

"Яны былі вельмі добрыя да мяне і паводзілі сябе пазітыўна. Цяпер я ў Мінску, у маёй кватэры, усё добра. Я прашу ўсіх блогераў і СМІ не распаўсюджваць ілжывую інфармацыю пра мяне", — заявіў Натан Тэлафат.

Студэнт падкрэсліў, што ён не хоча праблем: "Міліцыя, калі мне тэлефанавала, яна не тэлефанавала праз відэа пра Coca-Cola, ці як вы думаеце праз іншае відэа. Усё добра, дакладна, 100 адсоткаў. Я люблю гэтую краіну".

Прычыну выкліку ў міліцыю ён, аднак, не назваў.

Хлопец дадаў, што плануе і надалей здымаць відэаролікі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.