Міліцыя затрымлівае беларусаў за каментары пра пакістанцаў

Затрыманыя аўтары каментароў пра пакістанцаў

Затрыманыя аўтары каментароў пра пакістанцаў / сацсеткі сілавікоў

Міліцыянты пачалі затрымліваць беларусаў за каментары ў сацсетках пра пакістанскіх мігрантаў. Іх здымаюць на відэа, дзе людзі пад прымусам "каюцца". На гэтыя публікацыі звярнула ўвагу выданне Reform.

Аўтары канала расказваюць, што 18-гадовы хлопец, "не праверыўшы дакладнасць інфармацыі, напісаў пра нібыта згвалтаванне 12-гадовай дзяўчынкі пакістанцам і заклікаў абараняцца пярцовымі балонамі", а 20-гадовая дзяўчына "вываліла кучу абраз усім запар".

На відэа, знятым сілавікамі, хлопец заяўляе, што не праверыў інфармацыю і распаўсюдзіў хлусню. "Я шкадую, што пісаў гнеўныя каментары на адрас жыхароў гэтай цудоўнай краіны", — дадае ён.

Дзяўчына кажа, што ўсведамляе сваю памылку.

Прабачэнні ў сваім канале апублікаваў і мінскі TikTok-блогер Глеб Салій. У двуххвілінным роліку ён шэсць разоў просіць прабачэння за свае словы і гаворыць, што прызнае віну за ўсё сказанае.

"Калі вы бачыце людзей, якія прыезджыя з Пакістана, калі ласка, не трэба да іх нейкую нянавісць распальваць, таму што я запісаў нейкае відэа", — тлумачыць ён.

Пасля заявы Лукашэнкі аб прыездзе ў Беларусь 150 тысяч мігрантаў з Пакістана, у сацсетках з'явілася шмат негатыўных ролікаў. Вялікі розгалас выклікала відэа з жорсткай бойкай двух замежнікаў у Гомелі. Спярша пісалі, быццам гэта б'юцца пакістанцы. У МУС заявілі, што ў бойцы ўдзельнічаюць мараканцы, і прыгразілі адказнасцю за распаўсюд фэйкаў і распальванне міжнацыянальнай варожасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.