Міліцыя правярае, ці аштрафавалі дзяўчыну ў мінскім метро за навушнікі

Непаўнагадовая дзяўчына напісала ў сацыяльных сетках, што яе аштрафавалі ў мінскім метро за навушнікі. Здарылася гэта на станцыі метро "Плошча Леніна", паведамляе партал tut.by

Яна стаяла на платформе ў навушніках, калі падышоў чалавек у форме і прапанаваў прайсці з ім. У пакоі ёй прапанавалі паказаць дакументы. У дзяўчыны быў толькі студэнцкі білет, яна патлумачыла, што яна непаўнагадовая. Чалавек у форме збіраўся выклікаць яе бацькоў, але яна папрасіла гэтага не рабіць.

Дзяўчына сцвярджае, што заплаціла штраф — 150 тысяч рублёў. Таксама ёй далі падпісаць паперу з правіламі метрапалітэна. Квітанцыю аб аплаце штрафу ёй не давалі, распавяла дзяўчына.

Справай 15-гадовай мінчанкі зацікавіліся праваахоўнікі, праводзіцца праверка. Высветлілася, што супрацоўнікі метрапалітэна могуць папрасіць пасажыра зняць навушнікі, калі ён стаіць на платформе, альбо прапанаваць скарыстацца іншым відам транспарту. Штрафаваць за навушнікі яны не маюць права.

Расследаванне мусіць даць адказ, ці штраф быў і штраф незаконны, ці гэтая сітуацыя фэйк.

Фота — ria.ru