Макей: Нямеччына разумее ролю Беларусі ў цяперашняй сітуацыі

Беларусь і Нямеччына зацікаўленыя ў тым, каб адносіны паміж краінамі былі на самым высокім узроўні. Пра гэта журналістам паведаміў міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей. Перад гэтым ён правёў сустрэчу са сваім нямецкім калегам Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам.
"У нас вымалёўваюцца вельмі добрыя кантакты з Нямеччынай. Нямеччына, нам здаецца, разумее, якую ролю адыгрывае Беларусь у цяперашняй сітуацыі. І Нямеччына імкнецца выбудаваць адпаведным чынам і палітыку ў адносінах да Беларусі. Мы гэта вітаем", — перадае БЕЛТА словы Макея.
У сваю чаргу, і Беларусь бачыць, якую ролю Нямеччына адыгрывае ў Еўропе, рэгіёне і свеце. Па словах Макея, у Нямеччыне змяніліся ў лепшы бок ацэнкі Беларусі ў параўнанні з мінулым годам. "Гэта з-за таго, як мне здаецца, што многія разумеюць лепш матывы паводзінаў Беларусі, матывы прыняцця тых ці іншых знешнепалітычных і ўнутрыпалітычных рашэнняў Беларусі", — выказаў меркаванне беларускі дыпламат.
Нагадаем, што міністр замежных спраў Беларусі прыняў удзел у 52-й Мюнхенскай канферэнцыі па пытаннях бяспекі. Гэта адбылося падчас яго працоўнага візіту ў Нямеччыну 12-14 лютага.