Лукашэнка ў мінскай школе: Паглядзіце, у каго мы ператвараем нашых дзяцей
Кіраўнік дзяржавы ў панядзелак у чарговы раз распавёў, што трэба змяніць у беларускай адукацыі. ДАДАЛОСЯ ВІДЭА
Аляксандр Лукашэнка 31 жніўня наведаў 56-ю мінскую школу ў мікрараёне "Каменная горка". Яна была адчынена толькі ў сакавіку сёлета, але ў поўным аб'ёме пачне працаваць з 1 верасня.
Кіраўнік дзяржавы, выступаючы перад школьнікамі і настаўнікамі, выказаўся наконт неабходных зменаў у беларускай адукацыі (пра гэта ён гаварыў на мінулым тыдні падчас наведвання Баранавічаў). Ён адзначыў, што ўрад на сённяшні дзень займаецца аптымізацыяй працэсу адукацыі.
"Не павінен вучань, адвучыўшыся 6-7 гадзінаў у школе, прыходзіць дахаты і яшчэ 5-6 гадзінаў рыхтаваць хатняе заданне. Паглядзіце, у каго мы ператвараем нашых дзяцей", — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА.
Лукашэнка лічыць (і, відаць, такую ўстаноўку атрымалі чыноўнікі), што дома вучань малодшых класаў павінен працаваць над урокамі не больш за дзве гадзіны, вучань старэйшых класаў — не больш за 3,5 гадзіны. Дзякуючы гэтаму новаўвядзенню беларускія дзеці будуць мець лепшае здароўе, мяркуе кіраўнік дзяржавы. Ён прапанаваў СШ № 56 стаць "своеасаблівым маяком і прыкладам" у гэтым пытанні.

Старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац, міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў падчас сённяшняй прамовы Аляксандра Лукашэнкі.
Фота: БЕЛТА