Лукашэнка: Губернатары ў свой час выратавалі саюз Беларусі і Расіі

 Лукашэнка: Губернатары ў свой час выратавалі саюз Беларусі і Расіі

6 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з губернатарам Пензенскай вобласці Расіі Іванам Белазерцавым. На ёй кіраўнік дзяржавы паведаміў, што бачыць добрыя перспектывы для развіцця вытворчасцяў, у тым ліку канкурэнтных, у Беларусі і Расіі. 

"Нашых рынкаў тут, а ў перспектыве сусветных рынкаў па прадуктах харчавання, вопратцы, па іншых напрамках, тэхнікі нават, на ўсіх хопіць. Попыт будзе толькі расці. Таму вы на нас можаце разлічваць", — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

"Я заўсёды вітаю губернатараў, якія ў свой час выратавалі наш саюз Беларусі і Расіі. Заўсёды з імі сустракаюся. Ведайце, што калі мы нешта зможам зрабіць для вас, для расіян, мы з вялікім задавальненнем гэта зробім", — патлумачыў беларускі кіраўнік.

Нягледзячы на ​​падзенне таваразвароту ў апошнія некалькі гадоў, у 2016 годзе яго ўдалося павялічыць на 8%. У выніку гэты паказчык летась перавысіў 50 млн долараў. У студзені-красавіку гэтага года таваразварот павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года больш чым у 1,5 раза.

Лукашэнка падкрэсліў, што ў Пензенскай вобласці паспяхова працуюць дылерскія цэнтры многіх беларускіх прадпрыемстваў — "Амкадора", "Гомсельмаша", "Аршанскага інструментальнага завода" ды іншых. 

Адным з перспектыўных напрамкаў кіраўнік Беларусі назваў супрацоўніцтва ў будаўнічым сектары і жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Таксама Пензенская вобласць зацікаўленая ў арганізацыі вытворчасці бульбянога крухмалу. Прапанаваў Лукашэнка і пастаўкі пасажырскага транспарту, у тым ліку аўтобусаў, тралейбусаў, электробусаў.

"Калі мы будзем у вас нешта будаваць, ствараць вытворчасці і іншае, вы павінны быць упэўненыя, што мы гэта зробім не горш, чым вашыя ўласныя кампаніі ў Расіі, а тое, што танней, — гэта 100%", — паабяцаў беларускі кіраўнік. Ён перасцярогся толькі аднаго — што асобныя прадстаўнікі расійскага ўраду могуць рабіць перашкоды ў гэтай супрацы.