Лукашэнка: Беларусь была разам з В'етнамам у вайне за незалежнасць

Беларусь разлічвае развіваць палітычныя і гандлёва-эканамічныя адносіны з В'етнамам. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 чэрвеня на перамовах з прэзідэнтам В'етнама Чан Дай Куангам.
Кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што наша краіна была побач з В'етнамам у цяжкія перыяды в'етнамскай гісторыі. "Кожны в'етнамец добра памятае мінулую вайну і тую цану, якую вы заплацілі за свабоду і незалежнасць. Памятаем і ведаем пра гэта і мы. Таму што мы былі тады побач з вамі на в'етнамскай зямлі. Ды і пасля гэтай жорсткай вайны мы ўсяляк імкнуліся дапамагчы сваім в'етнамскім братам у аднаўленні краіны, народнай гаспадаркі, ў нармалізацыі жыцця", — перадае БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы.
Лукашэнка паведаміў, што ў аўторак маюць прайсці не толькі перамовы з кіраўніком В'етнама, але і іх сумесная сустрэча з прадпрымальнікамі, бізнесоўцамі. Падчас гэтых сустрэчаў будуць абмяркоўвацца праекты, якія могуць быць рэалізаваныя як у Беларусі, так і ў В'етнаме.
Сустрэча кіраўнікоў Беларусі і В'етнама праходзіць у Палацы Незалежнасці ў Мінску.