Лукашэнка абмежаваў хуткасць язды на электрасамакатах і сегвеях

Новыя ПДР абмяжоўваюць хуткасць электрасамакатаў і скутараў / pixabay.com
Лукашэнка падпісаў указ, якім карэктуюцца правілы дарожнага руху (ПДР), паведамляе яго прэс-служба. Новыя правілы пачынаюць дзейнічаць з 1 верасня.
У першую чаргу гэтыя змены датычаць не-аўтамабілістаў. Так, у ПДР замацавалі абавязак раварыстаў і самакатчыкаў спешвацца пры перасячэнні праезнай часткі дарогі. Гэта тлумачаць тым, што за апошнія некалькі гадоў колькасць ДТЗ з іх удзелам вырасла: толькі за два гады зарэгістравана каля 900 ДТЗ. Абмежаванне, як мяркуюць, дазволіць знізіць аварыйнасць.
Таксама перагледжаныя падыходы да так званых сродкаў персанальнай мабільнасці, якія імкліва развіваюцца. Цяпер яны моугць развіваць хуткасць да 80 км/гадз. і па тэхнічных параметрах больш адпавядаюць электраскутарам і мапедам, чым электрасамакатам. Але паводле ПДР яны абавязаныя рухацца па тратуарах, ствараючы небяспеку для пешаходаў.
У новых ПДР пад "сродкам персанальнай мабільнасці" маецца на ўвазе прылада, якая мае электрарухавік і максімальную хуткасць да 25 км/гадз.
Ездзіць на электрасамакатах, сегвеях, монаколах можна будзе па веладарожцы з хуткасцю не больш за 25 км/гадз., па тратуары — не больш за 10 км/гадз. Цяжкім прыладам, маса якіх перавышае 35 кг, рухацца па тратуары будзе забаронена.
Электрапрыладам, якія па тэхнічных характарыстыках могуць быць залічаныя да мапедаў і матацыклаў, даюць права рухацца па праезнай частцы. Для гэтага трэба будзе пацвердзіць тып транспартнага сродку, аформіць на яго электронны пашпарт і зарэгістраваць у ДАІ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.