Літва не плануе зноў закрываць мяжу, але і не выключае такі варыянт — МУС
Мяжа, ілюстрацыйнае фота / vsat.lrv.lt
Літва пакуль што не плануе паўторна закрываць мяжу з Беларуссю, але і не выключае такі сцэнар сярод магчымых мераў. Пра гэта заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Вайдотас Якштас, піша выданне Alfa.
Паводле яго, у цяперашняй сітуацыі закрыццё мяжы хутчэй можна разглядаць як дыпламатычны сігнал, а не як рэальную меру, здольную развязаць праблему.
Якштас адзначыў, што ўначы ў нядзелю было зафіксавана 57 выпадкаў з'яўлення кантрабандных аэрастатаў з боку Беларусі. Намеснік міністра паведаміў, што Літва разглядае дадатковыя спосабы рэагавання на сітуацыю і не выключае ніякіх варыянтаў пры неабходнасці павысіць бяспеку дзяржавы.
Тым часам Мінэканомікі Літвы паведаміла, што свае тэхналагічныя рашэнні для барацьбы з кантрабанднымі метэазондамі падалі тры кансорцыўмы. Гэта кампаніі IT Logika, Teltonika і Dangaus šviesos. Яны атрымаюць мільён еўра для распрацоўкі сістэм абароны і выяўлення падобных аб'ектаў.
Пасля таго, як Літва закрыла мяжу з Беларуссю, колькасць кантрабандных метэазондаў паменшала. 20 лістапада мяжа зноў была адкрытая. А на мінулым тыдні, як пішуць СМІ, інтэнсіўнасць аэрастатаў з кантрабандай з боку Беларусі рэзва ўзрасла. У пятніцу ўвечары праз іх давялося на некалькі гадзін спыняць працу Віленскага аэрапорта. Сітуацыя паўтарылася ўвечары ў нядзелю.