"Кусаць гэтую ўладу": гісторыя ўпартай настаўніцы з Пружанаў, якая не здаецца
Алёна Гулевіч / Еўрарадыё
У красавіку 2021 года Алёна Гулевіч праз павышаную ўвагу з боку ўладаў вымушана пераехала ў Польшчу разам з сям'ёй. У родных Пружанах жанчына працавала ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, да гэтага выкладала ў мясцовых установах адукацыі амаль дзесяць гадоў. Што магло так крута змяніць мернае жыццё жанчыны, што падштурхнула змагацца з сістэмай?
— Усё проста: таму што мне не ўсё роўна, як будуць жыць мае дзеці ў гэтай краіне. Хацелася б, каб яны жылі далей у Беларусі, каб яны не працавалі за ежу. Каб яны не хадзілі на працу і не думалі: "А як жа аплаціць камунальныя?" Таму што пра адпачынак або якія-небудзь дарагія пакупкі ў нас гаворка нават не ідзе, — распавядае Еўрарадыё Алёна Гулевіч.
Настаўніца на сцежцы вайны
Супраціў Алёны пачаўся з таго, што за месяц да выбараў яе палітычна актыўных знаёмых пасадзілі на 30 сутак. Яна не змагла застацца ўбаку і заняла выразную грамадзянскую пазіцыю: была незалежнай назіральніцай, уступіла ў мясцовае аддзяленне партыі БСДП ("Грамада"), пачала адстойваць інтарэсы суграмадзян. У студзені 2021 года жанчына заняла пасаду старшыні пружанскага філіяла "Грамады".
На выбарах Алёна з іншымі незалежнымі назіральнікамі фіксавала парушэнні на выбарчых участках. Пасля пачала пісаць скаргі ва ўчастковую і тэрытарыяльную камісіі, у пракуратуру. На ўсе скаргі, паводле яе слоў, яна атрымлівала адпіскі, хоць былі фота- і аўдыёдоказы парушэнняў.
І пасля гэтага пачалося. Жанчыну сталі выклікаць на "прафілактычныя гутаркі" ў інстанцыі рознага ўзроўню: у райаддзел міліцыі, да памочніка пракурора. На яе складалі пратаколы за нібыта развешаныя ёю стужачкі і ўлёткі, за "размаляваныя прыпынкі". Праз лісты ад РАУС жанчыну на працы некалькі разоў выклікалі да дырэктара.
— Размаўлялі са мной лаянкай, пагражалі, што закрыюць мне выезд, што адбяруць дзяцей, — працягвае Алёна. — Па законе мне яны нічога прад'явіць не маглі. Але я ім моцна насаліла: у мяне сабралася велізарная тэчка скаргаў на парушэнні з іх боку.
Не маючы ніякіх падстаў, прыйшлі да мяне дадому, усё ператрэслі, забралі кампутар — і ўсё гэта "па законе". Доказаў у іх ніякіх няма, але яны ўсё роўна прыходзілі — проста таму, што могуць.
Не дапамаглі тады і зносіны Алёны з мясцовым дэпутатам Аляксандрам Леўчуком, да якога актывістка прыязджала ў спадзеве на тое, што скаргі на парушэнні будуць пачутыя і меры будуць прынятыя.
Новае жыццё
Разумеючы, што "адміністрацыйкамі" ў сітуацыі, якая склалася, адбіцца наўрад ці атрымаецца, у красавіку 2021 года жанчына разам з сям'ёй без доўгіх збораў з'ехала ў Польшчу. Там яна знаходзіцца па гуманітарнай візе, у яе мужа і дзяцей карты паляка па каранях. Палітычнага прытулку ў Польшчы Алёна не прасіла.
— Я лічу, што ёсць людзі і ў больш дрэнных сітуацыях, якія наогул з'ехалі ні з чым і ў нікуды. У параўнанні з гэтымі людзьмі ў нас усё нармальна: жыць ёсць дзе, рукі-ногі на месцы. Здароўе, калі не лічыць душэўнага стрэсу, таксама быццам бы ў парадку. Так што хай гэтыя грошы і квоты накіруюць тым, хто ў гэтым сапраўды мае патрэбу.
У Польшчы муж Алёны працуе кіроўцам, сама яна глядзіць за дзецьмі. Малодшаму 4,5 гады, старэйшаму дзевяць гадоў.
— Мае два дыпломы — выкладчыка і бухгалтара — тут наўрад ці спатрэбяцца, — кажа жанчына. — Тут трэба ведаць мову, каб працаваць па такіх спецыяльнасцях. Спадзяюся, што гэта хутка ўсё скончыцца і я вярнуся дадому.
Старэйшы сын Алёны паспяхова скончыў навучальны год у польскай школе. Хлопчык бегла чытае па-польску, веды схоплівае на лета.
— Да сына вельмі добра ставяцца ў школе. І ў цэлым вельмі нас здзівіла тое, што ўсе ўсміхаюцца, людзі вельмі ветлівыя. Тут зусім не тое, што ў беларускай сістэме адукацыі. Сын вучыцца гуляючы, амаль без дапамогі збоку. Польская сістэма адукацыі сапраўды створана для дзіцяці, а не для справаздач і праверак.
У беларускай школе цкавання дзяцей "нязгодных бацькоў" не было, але было зусім іншае стаўленне да тых, хто задае нязручныя пытанні.
Цяжкасці ёсць паўсюль
— Жыллё наймаць дорага, але кватэра ў нас добрая, трохпакаёвая, адразу з мэбляй. У Польшчы сапраўды сацыяльная дзяржава, таму што тут ёсць розныя дапамогі і істотныя выплаты, якія распаўсюджваюцца не толькі на палякаў. Да прыкладу, частку камунальных паслуг нам кампенсуе дзяржава, — распавядае Еўрарадыё Алёна. — Для мяне тут самая вялікая цяжкасць — тое, што я не размаўляю па-польску. Разумею ўсё выдатна, але гаварыць не магу.
— Яшчэ вельмі хвалюе тое, што давялося пакінуць дом, які мы будавалі з мужам, што давялося пакінуць Радзіму, сваякоў і сяброў, — працягвае жанчына. — Цяжка назіраць за тым, што адбываецца ў Беларусі, як пакутуюць людзі. Першы час пасля пераезду я не магла супакоіцца, азіралася па баках. У Беларусі я жыла ў пастаянным стрэсе і чаканні таго, што па мяне прыйдуць у любы момант. Хоць розумам я ўсведамляла, што я нічога незаконнага не зрабіла, але я бачыла, што ў Беларусі не да законаў.
Сваякі і сябры раяць мне пакуль не вяртацца. За мяжой я магу хоць нешта рабіць, "кусаць гэтую ўладу", варушыць палкай гэтае гняздо. Як толькі нешта зменіцца — я абавязкова вярнуся.
У Польшчы Алёна не сядзіць склаўшы рукі. Жанчына працягвае "дзяўбці" беларускіх чыноўнікаў, піша заявы і скаргі аб парушэнні грамадзянскіх правоў, на якія яна зноў і зноў атрымлівае адпіскі.
— У кожным лісце напісана, што, маўляў, калі адказ вас не задавальняе, звяртайцеся ў іншую інстанцыю. Я і звяртаюся, таму што лічу, што ўсё гэта не бессэнсоўна. Наступіць момант, калі ўсе гэтыя скаргі давядзецца разгледзець зноў, адкрыць усе справы. І тым людзям, якія ставяць подпісы пад гэтымі адпіскамі, давядзецца за гэта адказаць, — упэўненая жанчына.
Мы проста не можам здацца
Алёна Гулевіч да гэтага часу ўзначальвае пружанскую ячэйку "Грамады". Цяпер яна занятая тым, што складае петыцыі і збірае подпісы жыхароў раёна для таго, каб улады звярнулі ўвагу на праблему забруджвання мясцовых азёр. У Пружанах чыноўнікі гатовыя выдзяліць каля 100 тысяч долараў на будаўніцтва "сухога" фантана. Гэтыя грошы грамадзяне прапануюць выдаткаваць на ачыстку рэк, сажалак і добраўпарадкаванне тэрыторыі.
— Пачысціць раку і пляж — гэта ж не мае ніякага дачынення да палітыкі. Чаму нашы мясцовыя ўлады не могуць пайсці насустрач людзям? — дзівіцца актывістка.
Апускаць рукі і ўжо тым больш здавацца Алёна не збіраецца.
— Некаторыя людзі ўжо сядзяць больш за год. Кагосьці садзяць, хтосьці выходзіць, праходзяць пастаянныя ператрусы. Куды ўжо тут здавацца? Ды і, памятаючы пра тых, хто загінуў, мы проста не можам здацца.