“Крумкачы” разгромна прайгралі сталічнаму “Дынама”
Футбольны клуб “Крумкачы” правёў першы матч у элітным дывізіёне і адразу саступіў з лікам 0:5. Сапернікам “варонаў” стала мінскае “Дынама”. Таварыская сустрэча дзеючага сярэбранага прызёра чэмпіянату Беларусі і навічка вышэйшай лігі прайшла 30 студзеня на мінскім футбольным манежы.
Адметна, што ў першым тайме “Крумкачы” трымаліся і не падпускалі бела-блакітных да сваёй брамы, але паспяхова атакаваць сапернікаў таксама не маглі. У другім тайме дынамаўцы пачалі прэсінгаваць іх і на 47-й хвіліне адкрылі лік. Да канца сустрэчы яна забілі “Крумкачам” яшчэ чатыры галы і такім чынам разграмілі сваіх недасведчаных канкурэнтаў. Галамі адзначыліся Кірыл Прамудраў (дубль), Ненад Адамавіч, Уладзімір Карыцька і Фатас Бечырай.
Нагадаем, што па выніках мінулага сезона “Крумкачы” заваявалі права гуляць у вышэйшай лізе.