Колькасць загінулых у выніку крушэння "боінга" ў Ахмадабадзе склала 274 чалавекі

Наступствы авіякатастрофы ў Ахмадабадзе 12 чэрвеня / NDTV Convergence Limited
У адной з самых маштабных авіякатастроф у гісторыі Індыі загінулі прынамсі 274 чалавекі, у тым ліку пасажыры і экіпаж рэйса Air India AI 171, а таксама мясцовыя жыхары, якія знаходзіліся на зямлі. Пра гэта паведаміла тэлекампанія NDTV у суботу са спасылкай на свае крыніцы.
Самалёт Boeing Dreamliner 787-8, які накіроўваўся ў Лондан, разбіўся неўзабаве пасля ўзлёту з аэрапорта Ахмадабад у чацвер, 12 чэрвеня, каля 13:30 па мясцовым часе. На борце знаходзіліся 230 пасажыраў, двое пілотаў і 10 членаў экіпажа. З усіх, хто быў у самалёце, выжыў толькі адзін чалавек — грамадзянін Вялікабрытаніі індыйскага паходжання. Сярод загінулых — былы кіраўнік урада штата Гуджарат Віджай Рупані.
Самалёт упаў на жылы квартал медыцынскага каледжа BJ Medical College у раёне Мегханінагар, дзе пражывалі лекары і іх родныя. Сярод ахвяраў — 10 медыкаў і члены іх сем’яў. Больш за 20 студэнтаў-медыкаў атрымалі раненні і цяпер знаходзяцца на лячэнні.
Чорная скрыня самалёта была знойдзена, і цяпер у ліквідацыі наступстваў катастрофы задзейнічаны больш за 100 працаўнікоў і 40 інжынераў. Паводле папярэдніх звестак, адной з магчымых прычын аварыі сталі праблемы з цягавай сілай абодвух рухавікоў і верагоднае сутыкненне з птушкай.
Пілот паспеў падаць сігнал трывогі "Mayday" неўзабаве пасля ўзлёту, паведамілі ў дыспетчарскай службе аэрапорта Ахмадабад.
Прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі наведаў месца трагедыі і паехаў у бальніцу, каб сустрэцца з адзіным выжыўшым і параненымі.
Расследаванне працягваецца. Атрыманая з чорнай скрыні інфармацыя дапаможа дакладна вызначыць прычыны трагедыі і ўстанавіць, ці мелі месца тэхнічныя няспраўнасці або памылкі пілота.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.