“Я быў упэўнены, што таксама памру”. Што кажа выжыўшы пасажыр Air India

Кадр з інтэрв'ю DD News

Кадр з інтэрв'ю DD News / Вишвакумар Рамеш

"Калі да мяне вярнулася прытомнасць — зразумеў, што яшчэ жывы. Побач са мной загінулі сцюардэсы і два пасажыры. Я быў упэўнены, што таксама памру. Але, калі ўбачыў адтуліну ў корпусе, змог адшпіліць рамень, выбіць нагой дзверы і выбрацца вонкі", — так апісвае сваё выратаванне Вішвакумар Рамеш — адзіны з 242 пасажыраў, хто выжыў у катастрофе рэйса Air India 12 чэрвеня.

Паводле яго, неўзабаве пасля ўзлёту ён заўважыў дзіўныя рэчы: святло ў салоне пачало мігацець зялёным і белым. Пасля самалёт быццам бы "завіс у паветры". І праз некалькі секунд упаў на будынак. 

Частка фюзеляжа, у якой знаходзіўся Рамеш, упала на зямлю, не зачапіўшы будынак. Гэта і выратавала яму жыццё. Мужчына атрымаў шматлікія траўмы, але цяпер яго жыццю нічога не пагражае.

У Індыі Рамеш адпачываў разам з братам Аджаем, які таксама знаходзіўся на борце — але сядзеў у іншым шэрагу. У брытанскім горадзе Лестар удачлівага індуса чакаюць жонка і 4-гадовы сын.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.