Колькасць ахвяр каранавіруса ў Кітаі дасягнула 636 чалавек
Колькасць ахвяр каранавіруса ў Кітаі дасягнула 636, за апошнія суткі памерлі больш за 70 чалавек. Сярод іх — лекар з горада Ухань Лі Вэньлян, які першы папярэдзіў пра небяспеку. Напярэдадні кітайскія крыніцы паведамлялі супярэчлівую інфармацыю: спачатку пра яго смерць, пасля пра "крытычны стан" і нарэшце зноў пра смерць. Лекару-афтальмолагу было 34 гады.
Кітайскія ўлады паведамляюць пра больш за 31 тысячу заражаных, з бальніц выпісалі паўтары тысячы чалавек. Пад назіраннем медыкаў знаходзяцца каля 186 тысяч. Каля берагоў Японіі апынуўся ізаляваны круізны лайнер Diamond Princess. На ім 3700 пасажыраў з паўсотні краін, вядома пра 61 заражанага каранавірусам.
Пра каранавірус 2019-nCoV вядома са снежня 2019-га. Спачатку яго ўспышку зафіксавалі ў кітайскім горадзе Ухань (правінцыя Хубэй). Сусветная арганізацыя здароўя заявіла пра надзвычайную сітуацыю міжнароднага значэння.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.