У Мінздароўя расказалі, ці ёсць у Беларусі новы штам каранавіруса

Маска пры каранавірусе, ілюстрацыйнае фота
Падчас маніторынгу ў Беларусі новы штам каранавіруса "стратус" не выявілі. Пра гэта паведаміла намесніца міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны лекар Беларусі Святлана Нячай.
У суседняй Расіі, як паведамлялі СМІ, на канец жніўня было зарэгістравана 114 выпадкаў заражэння штамам XFG ("стратус"). Ён вылучаецца высокай заразнасцю і лёгкім працяканнем хваробы.
"Стратус" — гэта новы падварыянт омікрона. Паводле Нячай, вялікіх асаблівасцяў у "стратуса" няма. Характэрная прыкмета захворвання — змена голасу, ахрыпласць або сіпатасць. Да нейкіх больш сур'ёзных захворванняў вірус не прыводзіць. Меры прафілактыкі пры ім — тыя ж, што і раней. Рэкамендуецца мыць рукі, пры дрэнным самапачуванні — заставацца дома і сачыць за сімптомамі, рэгулярна праветрываць памяшканне і праводзіць вільготную прыборку. Пры неабходнасці — звяртацца да доктара.
Разам з тым, прадстаўніца Мінздароўя нагадала, што ўвосень зазвычай чакаецца рост захворвання на ВРІ: "Карціну фармуюць негрыпозныя вірусы — гэта рынавірусы, адэнавірусы, рэспіраторна-сінцытыяльны вірус ды іншыя".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.