Нацбанк: Асабістыя пераводы беларусаў б'юць рэкорды

Асабістыя пераводы беларусаў б'юць рэкорды / Еўрарадыё
У першым квартале 2025 года асабістыя пераводы беларусаў дасягнулі рэкорднага сезоннага значэння, перавысіўшы дакавідны ўзровень, піша Mynfin, прааналізаваўшы статыстыку Нацбанка.
У цэлым за першыя тры месяцы гэтага года атрыманыя асабістыя пераводы склалі 250,4 мільёна долараў — гэта на 30,1% больш, чым у аналагічны перыяд 2024-га. Для параўнання, у чацвёртым квартале мінулага года іх сума дасягала 258,6 мільёна долараў.
Пра якія пераводы ідзе гаворка? Гэта заробак, асабістыя пераводы, трансферты паміж хатнімі гаспадаркамі. Так, паступленні ў выглядзе чыстай аплаты працы (за вылікам падаткаў і іншых выдаткаў) у параўнанні з тым, што было напачатку 24-га года, выраслі на 33,6% да 145,5 мільёнаў долараў, асабістыя трансферты — на 25,7% да 104,8 мільёнаў, іншыя трансферты паміж хатнімі гаспадаркамі, у 1,8 раза: з 8,5 мільёнааў долараў да 15,3 мільёнаў.
Акрамя таго павялічыліся сумы, якія беларусы пераводзяць за мяжу. Асабістыя пераводы выраслі ў 2,3 разы ў параўнанні са студзенем-сакавіком мінулага года: з 26,6 мільёнаў долараў да 60,3 мільёнаў, што таксама з'яўляецца сезонным рэкордам. З гэтай сумы чыстая аплата працы склала 43,2 мільёна — гэта ў 3,6 разы больш, чым годам раней, а асабістыя трансферты — 17,1 мільён (16,3%).
Пасля пандэміі аб'ём асабістых пераводаў, якія паступаюць у Беларусь, прыкметна скараціўся. Напрыклад, у 2017 годзе іх сума дасягала рэкордных 1112,7 мільёнаў, у 2020-м размова ішла ўсяго пра 740,8 мільёнаў долараў. Летась паказчык вырас да 929,4 мільёнаў. Спецыялісты нагадваюць, што такая дынаміка абумоўлена цяжкасцямі з пераводам грошай і ростам выдаткаў на камісіі і канвертаванне валюты. Акрамя таго частка папулярных міжнародных сістэм пераводаў не працуе ў Беларусі, частка банкаў спыніла выкарыстанне SWIFT для валютных плацяжоў. Аднак трансгранічныя пераводы паступова растуць. Часткова іх плыні пераарыентаваліся на іншыя краіны і новыя сэрвісы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.