КНДР патрабуе вярнуць 13 перабежчыкаў, якія ўцяклі ў Паўднёвую Карэю
Улады КНДР патрабуюць вярнуць 13 перабежчыкаў, якія ўцяклі ў Паўднёвую Карэю ў красавіку гэтага года. 12 жанчын і адзін мужчына працавалі ў рэстаране на тэрыторыі Кітая, які належаў Паўночнай Карэі. Яны былі адабраныя з сем’яў адданых паслядоўнікаў Рабочай партыі КНДР і прайшлі некалькі ўзроўняў праверкі, аднак усё адно вырашылі ўцякаць са сваёй радзімы.
Пэўны час яны знаходзіліся на тэрыторыі Кітая, а затым трапілі ў Паўднёвую Карэю. У Сеуле іх арыштавалі і праз болей за тры месяцы праверкі адпусцілі на волю.
Улады КНДР не вераць, што гэтыя людзі ўцяклі па сваёй волі і сцвярджаюць, быццам іх выкралі паўднёвакарэйскія спецслужбы. Цяпер яны маюць намер змагацца, пакуль не змогуць “уратаваць і прывезці назад нашых суграмадзян”. Такую заяву зрабіў прадстаўнік экстранага камітэта па ўратаванні былых работнікаў рэстарана Цэнтральнаму тэлеграфнаму агенцтву Карэі.
Па звестках праваабаронцаў, каля 30 тысяч чалавек уцяклі ў Паўднёвую Карэю з КНДР, ратуючыся ад галечы і пераследу ўладаў. Але ж групавыя ўцёкі — досыць рэдкая з’ява, перадае ВВС.