Кіпрскі футбольны клуб "Арыс" узначаліў другі беларус запар

Арцём Радзькоў

Арцём Радзькоў / ФК "Арыс"

Галоўным трэнерам футбольнага клуба "Арыс" з кіпрскага Лімасола стаў беларус Арцём Радзькоў — найлепшы трэнер Беларусі 2022 года (тады ён узначальваў "Іслач").

На гэтай пасадзе ён замяніў іншага беларуса — Аляксея Шпілеўскага. Гэта бадай што першы выпадак у заходніх клубах, калі на змену аднаму беларускаму трэнеру прыходзіць іншы беларус.

Апошнім часам Радзькоў быў асістэнтам трэнера ў махачкалінскім "Дынама".  

Шпілеўскі трэніраваў кіпрскі "Арыс" з 2022 года. У 2023-м ён прывёў каманду да чэмпіёнства ў першынстве Кіпра — упершыню ў гісторыі клуба.

У сезоне 2024-2025 гадоў "Арыс" заняў другое месца ў чэмпіянаце краіны і будзе гуляць у кваліфікацыі Лігі Еўропы.

Дарэчы, у сваіх сацсетках клуб прывітаў новага трэнера па-беларуску: "Сардэчна вітаем у "Арысе".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.