"Канкурэнцыя — усюды". Ці ўратуе беларускі бізнес новы ўказ Лукашэнкі?

Беларусы абмяркоўваюць праект указа аб бізнесе

Беларусы абмяркоўваюць праект указа аб бізнесе / unsplash.com

"Канкурэнцыя — усюды, дзе магчыма, дзяржаўнае рэгуляванне — там, дзе неабходна". Паводле такога прынцыпу рэжым Аляксандра Лукашэнкі збіраецца падтрымліваць беларускі бізнэс. Прынамсі, так прапісана ў праекце ўказа, які павінен памяняць дырэктыву "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці". Дакумент вынесены на грамадскае абмеркаванне.

На першы погляд, дакумент можа здацца досыць"прарыўным". Напрыклад, у адным з яго пунктаў гаворыцца аб прадастаўленні прыватным кампаніям права на давернае кіраванне дзяржаўнымі прадпрыемствамі, што можа павысіць эфектыўнасць іх працы як мінімум за кошт укаранення рынкавых падыходаў.

Што яшчэ прапануецца ў праекце ўказа чытайце ў матэрыяле Еўрарадыё.


Дэбюракратызацыя і роўныя (?) умовы для ўсіх

Праект прапануе забараніць адміністрацыйныя працэдуры ў дачыненні да юрыдычных асоб і ІП па-за існымі законамі і пастановамі кіраўніка дзяржавы. Чаму яны ўжо тры дзесяцігоддзі магчымыя па–за заканадаўчай рамкай не ўдакладняецца.

Там жа прапануецца зняць міжрэгіянальныя абмежаванні на гандаль. З фармальнага пункту гледжання: у бізнесменаў з'явіцца магчымасць свабодна прадаваць тавары і аказваць паслугі па ўсёй краіне без нейкіх дадатковых узгадненняў.

У ідэальным свеце пры прыняцці такіх мер кампаніі становяцца больш канкурэнтаздольнымі, а рынак збыту пашыраецца. Але гэта ў ідэальным свеце дзе працаваў бы і дэкрэт № 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва", які ўжо 8 гадоў як павінен быў выратаваць бізнес-клімат у краіне.


Магчымасці для дзелавой рызыкі

У праекце ўказа зноў вярнуліся да тэмы дэкрыміналізацыі эканамічнай дзейнасці, а таксама да "абароны бізнэсоўцаў ад неабгрунтаванага крымінальнага пераследу".

Напрыклад, бізнес павінен лічыцца сумленным, пакуль дзяржава не дакажа адваротнае беларускія ўлады вынайшлі прэзумпцыю невінаватасці. Пры гэтым кантралюючы орган павінен аналізаваць прычыны правапарушэнняў і займацца іх папярэджаннем (усё зразумела).

“Конкуренция — везде”. Спасёт ли белорусский бизнес новый указ Лукашенко?
Аляксандр Кныровіч / Еўрарадыё
“Конкуренция — везде”. Спасёт ли белорусский бизнес новый указ Лукашенко?
Далучайцеся да абмеркавання праекта, яшчэ ёсць час / unsplash.com

Абмяркоўвайце

Далучыцца да абмеркавання праекта ўказа "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці" можна на прававым форуме Беларусі.

У сваіх першых заўвагах беларусы прапануюць ураду дазволіць прадпрымальнікам наймаць замежных грамадзян на выдаленую працу без іх прыезду ў Беларусь для заключэння працоўнага дагавора;

выключыць практыку дзяржаўных органаў па рассыланні прыватнаму бізнесу (а можа нават, і дзяржаўнаму) шматлікіх запытаў з патрабаваннямі патлумачыць, растлумачыць, даць справаздачу (бо ўся інфармацыя, якую бізнэс абавязаны прадастаўляць дзяржаўным органам, ужо ўстаноўлена ў нарматыўных актах, а дадатковыя запыты па-за рамкамі гэтых нормаў заканадаўства адцягваюць работнікаў бізнесу ад іх непасрэдных абавязкаў);

ўсталяваць для суб'ектаў малога прадпрымальніцтва права звяртацца для ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур, падачы дэкларацый, атрымання кансультацый, ліцэнзій і розных дазволаў у любыя тэрытарыяльныя дзяржаўныя органы па прынцыпе экстэрытарыяльнасці, а не па месцы рэгістрацыі (бо працоўнае месца канкрэтных работнікаў арганізацыі можа не супадаць з месцазнаходжаннем самой арганізацыі).

Грамадскае абмеркаванне працягнецца да 21 чэрвеня 2021 года. Далучайцеся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.