Ад уладальніцы бара ў Гродне патрабуюць норму, не прапісаную ў законе

Суд над прадпрымальніцай прайшоў на выязным пасяджэнні на юрыдычным факультэце Гродзенскага ўніверсітэта / прэс-служба Эканамічнага суда Гродзенскай вобласці
Уладальніцу бара ў Гродне аштрафавалі на 210 рублёў за парушэнне начнога рэжыму працы. Але выявілася, што мясцовыя ўлады патрабуюць ад яе выканання нормы, не прапісанай у законе, заўважыла выданне hrodna.life.
Эканамічны суд Гродзенскай вобласці аштрафаваў кампанію "Н", якой належыць бар "Р" за тое, што ўстанова сёлета двойчы працавала пасля 23:00 без узгаднення з гарвыканкамам. Беларускае заканадаўства забараняе прадаваць алкаголь з 23:00 да 7:00 без дазволу мясцовага выканкама. Выявілася, што ўладальніца бара яшчэ ў 2024 годзе звярталася па дазвол на працу ў начны час, але гродзенскі гарвыканкам ёй адмовіў. Сярод прычын адмовы чыноўнікі назвалі адсутнасць падключэння да рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі.
Але такое патрабаванне ўжо не дзейнічае з 2022 года. Абноўлены варыянт пастановы Саўміна №319 патрабуе толькі мець сістэму лакальнага відэаназірання. А гэта не тое ж самае, што падключэнне да цэнтральнай "разумнай сістэмы", якая ў рэжыме рэальнага часу адсочвае сітуацыю і распазнае твары з дапамогай штучнага інтэлекту.
Атрымліваецца, што чыноўнікі гродзенскага гарвыканкама працуюць па састарэлых нормах ці свядома патрабуюць тое, чаго няма ў законе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.