Атруцілі камандзіра спецпадраздзялення і памочніка Кадырава
Рамзан Кадыраў і Апці Алаўдзінаў / t.me/bazabazon/
Апці Алаўдзінава, камандзіра спецпадраздзялення "Ахмат", памочніка кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава атруцілі. Як піша @bazabazon, яму даслалі ліст з атрутным рэчывам.
Па версіі Кадырава, ад'ютант Алаўдзінава атрымаў згаданы ліст 8 лютага і перадаў камандзіру. Апці Алаўдзінаў нібыта па паху зразумеў, што канверт "прасякнуты атрутным рэчывам". У той момант ліст ужо быў адкрыты. Памочнік Рамзана Кадырава апрацаваў рукі і прамыў нос, папярэдзіў пра небяспеку дваіх ад'ютантаў.
У санбаце пацярпелым аказалі першую меддапамогу. Па версіі Кадырава, цяжкіх наступстваў удалося пазбегнуць дзякуючы таму, што адзін з байцоў-медыкаў аказаўся таксіколагам. Камандзір спецназа "Ахмат" і яго ад'ютанты цяпер знаходзяцца ў адной з маскоўскіх клінік і ідуць на папраўку. Пагрозы для іх жыцця няма.
Кіраўнік Чачні не ўдакладніў, дзе адбылася спроба атручвання. У пачатку лютага Алаўдзінаў знаходзіўся на акупаванай тэрыторыі Украіны ("у зоне спецаперацыі").