Хіба ў рамках адміністрацыйнага працэсу можна знішчыць рэчдок — БЧБ-сцяг?
Фота Еўрарадыё мае ілюстрацыйны характар
Двух жыхароў Мінска прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за бел-чырвона-белыя сцягі на лоджыях уласных кватэр. У міліцыі палічылі гэтыя дзеянні адзіночным пікетам, суддзя Савецкага раёна Мінска Сяргей Шаціла з гэтым пагадзіўся. Як вынік — 13 сутак адміністрацыйнага арышту за "несанкцыянаваную акцыю" кожнаму з правапарушальнікаў.
Пры гэтым суддзя распарадзіўся абодва сцягі знішчыць як рэчавыя доказы. Такая практыка — знішчаць рэчавыя доказы — ёсць у рамках крымінальнага працэсу. Але тут адміністратыўка! Хай і небанальная. Гэта наогул законна?
"Не", — дае лаканічны адказ Еўрарадыё юрыст Дзмітрый Б. У больш падрабязным каментары ён распавядае, што суддзі спасылаюцца на артыкул 11.9 "Змест пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні" Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, дзе ёсць падпункт "Аб знішчэнні прадметаў, якія не ўяўляюць каштоўнасці і не могуць быць выкарыстанымі".
"Гэтую норму можна трактаваць наступным чынам: калі гэтая рэч нічога не вартая альбо яна непрыдатная. У адваротным выпадку, калі гэтая рэч валодае пэўнай каштоўнасцю або яе можна выкарыстоўваць (а сцягі, як я мяркую, адносяцца менавіта да такога разраду рэчаў), то ў гэтым выпадку рашэнне суда не з'яўляецца законным. І мала таго — яно наносіць канкрэтную матэрыяльную шкоду", — распавядае Дзмітрый.
Юрыст дадае, што ў дадзеных выпадках наогул не можа ісці гаворка пра парушэнне заканадаўства аб правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства.
"Ім ставяць у віну незаконнае пікетаванне. А давайце адкрыем закон "Аб масавых мерапрыемствах" і паглядзім, што такое пікетаванне. Там ёсць вызначэнне. Дык вось: для таго, каб яно адбылося, яно павінна было быць у грамадскім месцы альбо пад адкрытым небам. Скажыце калі ласка, пад што з пералічанага падпадае, напрыклад, балконная рама ў маёй уласнай кватэры? Вядома, што гэта нельга трактаваць як пікетаванне".
Людзям, якія сутыкнуліся з падобнымі рашэннямі суда, юрыст раіць абскардзіць іх у вышэйстаячых інстанцыях. Праўда, двое жыхароў Мінска, якіх суддзя Сяргей Шаціла адправіў на суткі, зрабіць гэта змогуць не раней за 17 снежня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.