Група чачэнцаў нелегальна перайшла беларуска-літоўскую мяжу
Парушальнікаў затрымалі літоўскія памежнікі.
31 снежня супрацоўнікі Службы аховы дзяржмяжы Літвы затрымалі ў маршрутным аўтобусе групу нелегальных мігрантаў. Чацвярых перадалі беларускім памежнікам, а пятага, які паказаў фальшывыя дакументы, арыштавалі.
У апошні дзень 2014 года літоўскія памежнікі ў часе патрулявання знайшлі сляды некалькіх чалавек, якія вялі з Беларусі на тэрыторыю Літвы. Іх адсачылі да дарогі Кракунай — Дзевянішкес, пасля чаго памежнікі западозрылі, што нелегалы маглі сесці ў транспартны сродак.
Каля выезду з гэтак званай Дзевянішскай пятлі яны праверылі прыгарадны аўтобус і знайшлі ў ім грамадзян Расіі чачэнскай нацыянальнасці. У іх пашпартах не было шэнгенскіх візаў, якія давалі б ім права знаходзіцца на тэрыторыі Літвы. Яшчэ адзін пасажыр паказаў пашпарт на імя грамадзяніна Славеніі, які, паводле папярэдніх звестак, выявіўся фальшыўкай, інфармуе ru.delfi.lt