Гродзенца, які вярнуўся з Польшчы, затрымліваў АМАП у поўнай амуніцыі
Антон Фурса / t.me/Grodno_grab
У Гродне амапаўцы затрымалі хлопца, які працуе ў Польшчы. Затрымліваць яго прыбылі байцы ў поўнай амуніцыі. Кадры затрымання з'явіліся ў адным з неафіцыйных тэлеграм-каналаў ГУБАЗіКа.
Затрыманага завуць Антон Фурса. У відэа на канале сілавікоў ён кажа, што часова працуе ў Польшчы. Пасля прыезду ў Беларусь яго затрымалі "за распаўсюд экстрэмісцкіх паведамленняў і розных даных".
Таксама хлопец кажа, што раней быў футбольным фанатам. Сілавікі нават дадалі фрагмент відэа, як Антон весяліцца з іншымі футбольнымі фанатамі. Відэа, як выглядае, было знятае некалькі гадоў таму.
Таксама сілавікі паведамляюць, што раней у адным з сваіх тг-каналаў публікавалі інфармацыю пра Фурсу і скрыншоты ягоных паведамленняў. Сам хлопец кажа, што ў свой час не надаў гэтаму значэння.
Па якой справе затрымалі Фурсу, невядома. Але згаданыя ягоныя паведамленні, як можна меркаваць па заявах сілавікоў, могуць быць падставай для крымінальнай справы.