Гомельская дзевяцікласніца скрала ў сям'і апекуноў 47 тысяч долараў

Крымінальная гісторыя адбылася ў Гомелі. Дзяўчына, якая жыла ў сям'і сваёй цёткі, абакрала яе на 47 тысяч долараў.

Як піша "Комсомольская правда", родная сям'я ў дзяўчынкі была прызнаная нядбайнай, таму яна жыла ў сваёй цёткі. Дзяўчынку бралі з сабой на мора, пакідалі начаваць у сябе дома, куплялі ёй рэчы і давалі грошы на кішэнныя выдаткі — па сто, дзвесце тысяч.

Сям'я яшчэ з 90-х гадоў збірала грошы. Яны пераводзілі прыбыткі ў долары і складалі ў тайніку —  у сцянной шафе за абуткам. Пляменніца пра хованку не ведала, але пры ёй вяліся размовы пра куплю мікрааўтобуса, піша odsgomel.org. Дзяўчынка кажа, што знайшла хованку выпадкова. Спярша яна нібыта спалохалася сваёй знаходкі, але потым стала перыядычна браць з тайніка па 100-200 долараў.

Калі гаспадары спахапіліся, то ў хованцы замест 57 тысяч было 9900 долараў. Пляменніца прызналася, што брала грошы разоў 15, але заявіла, што ўзяла агулам не больш за 2000 долараў.

Суд і следства, аднак, ёй не паверылі і прызналі вінаватай у крадзяжы ўсёй сумы. Выявілася, што дзевяцікласніца купіла сабе вопраткі на 50 мільёнаў рублёў, смартфон, вопратку свайму хлопцу і яго сястры, а сама хадзіла па салонах прыгажосці.

За крадзеж у асабліва буйным памеры школьніцу прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі. Таксама яна павінна выплаціць скрадзеныя 510 мільёнаў рублёў. Грошы пакуль будуць спаганяць з маці дзяўчынкі. А калі ёй споўніцца 18 гадоў, яна працягне выплачваць кампенсацыю сама.

Ілюстрацыйнае фота — tsn.ua