Ермаковіч пацвердзіў, што БАТЭ цікавіцца Арцёмам Мілеўскім
Галоўны трэнер БАТЭ Аляксандр Ермаковіч пацвердзіў газеце "Прессбол", што яго каманда цікавіцца нападаючым Арцёмам Мілеўскім. Гэтая інфармацыя раней з'яўлялася ў СМІ, але яе палічылі за "качку". Украінскі форвард беларускага паходжання ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца без клуба і самастойна падтрымлівае ў Мінску форму.
Мілеўскаму нядаўна споўніўся 31 год. Ён — ураджэнец Мінска. Ва Украіну пераехаў ва ўзросце 15 гадоў. Яго зорны час — выступленні за кіеўскае "Дынама" ў 2002-2013 гадах, за зборную Украіны. Многім запоўніўся пасляматчавы пенальці, які футбаліст незвычайна забіў на чэмпіянаце свету 2006 года ў браму зборнай Швейцарыі. У апошнія гады ў Мілеўскага пачаліся праблемы і з дысцыплінай, і з гульняй. Яго апошні клуб — харвацкі "Спліт", за які гулец правёў толькі адзін матч.
У канцы мінулага года Арцёмам Мілеўскім цікавілася мінскае "Дынама", але з гэтага нічога не выйшла.
У інтэрв'ю тэлеканалу "Футбол 1" футбаліст заявіў, што там, дзе яго "будуць чакаць і дзе будуць з даверам адносіцца", тая каманда і стане яго выбарам.