Эксперт: Грошы не выратуюць Беларусь ад уцечкі мазгоў

Круглы стол аб уцечцы мазгоў стаў цэнтральнай падзеяй чацвёртага дня "Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва". Пасля дыскусіі, у якой, акрамя беларусаў, удзельнічалі бізнэсмены і спецыялісты з ЗША, Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі і Расіі, Еўрарадыё задало экспертам некалькі ключавых пытанняў аб brain drain з Беларусі.

Даніэль Крутцына: За мяжу — за свабодай і цікаўнасцю

Даніэль Крутцына — кіруючы партнёр СНД у міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Civitta. За пяць гадоў, пражытых у Беларусі, стаў ініцыятарам і заключыў здзелкі агульным коштам больш за 500 мільёнаў долараў.

Еўрарадыё: Наколькі нашы партнёры па Мытным саюзе — Расія і Казахстан — прывабныя для беларускіх "мазгоў"? Пакуль што значна часцей даводзіцца чуць пра ад'езд у Расію будаўнікоў...

Даніэль Крутцына: У першую чаргу, прыцягвае Масква. І туды з'язджаюць не толькі будаўнікі. З'язджаюць спецыялісты з фінансавага сектара, таму, што заробкі і магчымасці там у разы большыя. Калі казаць пра кар'еру ў менеджменце вытворчага сектару, дык умовы і заробак на нашых дзяржпрадпрыемствах проста непараўнальныя з тым, што прапануюць буйныя расійскія кампаніі. Асабліва ў пачатку кар'еры. Гэта натуральна: расійская эканоміка большая! І для нас гэта сур'ёзная праблема. А вось для сферы IT, якая працуе на глабальны рынак, Мінск прывабней. Кошт жыцця тут нашмат ніжэйшы.

Еўрарадыё: Час ад часу ў расійскіх СМІ праслізгваюць сюжэты пра тое, як кваліфікаваныя кадры спрабуюць змяніць месца жыхарства, з'ехаць з Масквы. Атрымліваецца, яны хочуць вырвацца за МКАД, а мы — уварвацца туды?

Даніэль Крутцына: Калі ты працуеш у буйной кампаніі, ты не можаш стаць даўншыфцерам, паехаць у ціхую вёску і там спакойна жыць, боўтаючы нагамі. Усё залежыць ад прафесіі. Але глабальна людзі, вядома, стамляюцца жыць у велічэзных гарадах. Тут складана: агрэсіўны рытм жыцця, экалагічная нагрузка. Частка людзей хацела б жыць на прыродзе, вярнуцца ў маленькія гарады. Гэта добра відаць па Польшчы: у першыя гады трансфармацыі 1990-х усе імкнуліся ў Варшаву. А калі ўмовы ў невялікіх гарадах сталі лепшымі, праграмісты і прадстаўнікі іншых прафесій, у якіх не важна, дзе фізічна ты знаходзішся, сталі пераязджаць туды.

Еўрарадыё: Акрамя фінансавых, матэрыяльных умоваў, што перацягвае людзей у Расію?

Даніэль Крутцына: Гэта, вядома, свабода. Але не свабода ў тупым палітычным паняцці, што, маўляў, тут дыктатура, а там так выдатна. А свабода ў тым плане, што там у цябе больш выбару. Больш прадпрыемстваў, на якіх ты можаш працаваць, якія вышэй ацэньваюць малады талент, чым мясцовыя прадпрыемствы. Гэта магчымасць хутка зрабіць кар'еру, калі ты гатовы працаваць.

А яшчэ, гэта цікаўнасць. Напрыклад, мне цікава ў Беларусі таму, што тут па-іншаму, чым у мяне дома [Даніэль нарадзіўся ў Германіі і шмат часу правёў у ЗША. - Еўрарадыё]. Некаторым людзям гэта цікава само па сабе. Яны хочуць убачыць свет, пераязджаць з месца на месца. І гэта таксама нармальна.

Дзмітрый Бурнашаў: "Супрацьпаставіць уцечцы мазгоў можна толькі нацыянальную ідэалогію"

Дзмітрый Бурнашаў працуе ў Фондзе развіцця прадпрымальніцтва Enterprise Estonia. Там ён адказвае за развіццё прадпрымальнасці і падтрымку пачынаючых эстонскіх прадпрыемстваў. На фота разам з арганізатаркай "Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва" у Беларусі Таццянай Марыніч.

Еўрарадыё: У Эстоніі існуе праграма, якая падтрымлівае вяртанне працоўных мігрантаў. Што канструктыўнага ўлады могуць зрабіць, каб спыніць уцечку мазгоў?

Дзмітрый Бурнашаў: Адміністрацыйнае ўмяшанне працуе далёка не заўсёды. Яно дарэчы ў камплекце з іншымі захадамі. Інакш цяжка паверыць у эфектыўнасць гэтага метаду. Што тычыцца эстонскай праграмы, яна называлася "Talendid koju!"— "Таленты дадому!". Патронам праграмы быў прэзідэнт. Гэта была PR-акцыя на сусветным узроўні. Мы проста казалі, што людзі, якія з'ехалі з Эстоніі, важныя для краіны, і мы былі б рады, калі б яны вярнуліся.

Еўрарадыё: Вяртанне заахвочвалася матэрыяльнымі бонусамі?

Дзмітрый Бурнашаў: Сур'ёзных фінансавых выдаткаў тыпу льгот або выплат не прадугледжвалася. Гэта была спроба дзяржавы і грамадства наладзіць дыялог з тымі, хто з'ехаў. Мы заклікалі да ўнутранага пачуцця гэтых людзей. Прыязджайце, дапамажыце нам зрабіць лепшай краіну, якой мы ганарымся!

Еўрарадыё: Наколькі важны менавіта ідэалагічны фактар?

Дзмітрый Бурнашаў: Я толькі ў яго і веру. Па вельмі простай прычыне. Людзі з'язджаюць за доўгім рублём. Гэта лагічна. Гэта аб'ектыўны працэс. І я не думаю, што Беларусь або Эстонія могуць неяк канкурыраваць на сусветным рынку ў гэтым кірунку. Улічваючы памер краінаў, становішча і іншыя фактары, хутчэй за ўсё, самыя вялікія грошы будуць рабіцца не зусім у нас. Таму заліць праблему уцечкі мазгоў грашыма ў нас усё роўна не атрымаецца. Супрацьпаставіць ёй можна толькі нацыянальную ідэалогію.

У многіх краінах пануючая ідэалогія такая: чым больш ты заробіш, чым больш асабіста ты паспяховы, тым лепш. З такой ідэалогіяй мы нікуды ад уцечкі мазгоў не падзенемся. Супрацьпаставіць можна або фінансавыя рэсурсы, што не вельмі рэалістычна, або нацыянальную ідэалогію, якая будзе дапамагаць людзям вярнуцца. Я не вельмі добра ведаю кітайскія рэаліі, але ёсць уражанне, што ў Кітаі маецца пануючая ідэалогія, якая кажа пра нешта большае, чым проста грошы. На прыкладзе Эстоніі я магу сказаць, што многія кітайцы прыязджаюць у наш рэгіён, спрабуюць нешта рабіць, вучацца ў тым ліку. А потым з'язджаюць дахаты з тым вопытам, які атрымалі.

Сам факт таго, што ў Беларусі ёсць ідэалогія, адрозная ад банальнага: "Зарабляйце, зарабляйце, хапайце як мага больш!" — гэта ўжо пазітыўна.

Антон Шаўчэнка: У Вільні ніхто не скажа дызайнеру: "А давайце тут пагуляемся са шрыфтамі"

 

Антон Шаўчэнка, дызайнер з кампаніі "TrackDuck", вярнуўся ў Беларусь пасля двух гадоў, пражытых у Вільні.

Еўрарадыё: Чаму ты вярнуўся ў Мінск?

Антон Шаўчэнка: Галоўным чынам таму, што тут мой дзелавы партнёр, мая сям'я, мая дзяўчына. Ды і прыемней мне тут.

Еўрарадыё: Ты адчуваеш асабістую адказнасць за будучыню Беларусі?

Антон Шаўчэнка: Я не настолькі свядомы. І, да таго ж, мне яшчэ нават 30 гадоў няма... Думаю, з часам гэта прыйдзе. Але пакуль мною кіруюць больш прагматычныя матывы.

Еўрарадыё: З боку беларусаў з'яўляюцца заявы, што, маўляў, Вільня — наш горад. Адчуваецца там, што гэта не Беларусь?

Антон Шаўчэнка: Калі я бываў у Вільні турыстам, і ў першы месяц пражывання там мне здавалася, што гэта Еўропа як яна ёсць. Але потым я пагутарыў з мясцовымі хлопцамі. Яны сказалі: "Не, чувак, Вільня — гэта не Еўропа, Вільня — гэта Літва, і ўсё!" Літва — цудоўная краіна, там прыемна, але, напэўна, і праўда гэта не зусім Еўропа.

Еўрарадыё: Ці былі нематэрыяльныя фактары, якія паўплывалі на твой пераезд з Беларусі?

Антон Шаўчэнка: Я дызайнер, і галоўнымі фактарамі для мяне былі якасць працы і стаўленне заказчыкаў да маёй працы. Там, напрыклад, не прынята казаць: "А давайце тут пагуляемся са шрыфтамі" ці "А давайце тут трошкі дададзім зялёнага". Там давяраюць дызайнеру. За два гады я атрымаў толькі два не вельмі дарэчныя, на мой погляд, каментарыі з нагоды маіх прац. А ў Беларусі палова заказаў становяцца вельмі кепскімі пасля ўмяшання заказчыка.

Еўрарадыё: Гэта рэшткі савецкага менталітэту? Бо гэта была "краіна саветаў"!

Антон Шаўчэнка: Не думаю. Гэта нешта, прынятае ў СНД. А вось чым гэта выклікана, мне меркаваць складана.

Фота: kyky.orggew.by, Алеся Серада.