Дзяўчынка ледзь не трапіла пад аўтамабіль ДАІ падчас пагоні за п'яным кіроўцам

Дзяўчынка ледзь не трапіла пад аўтамабіль ДАІ падчас пагоні за п'яным кіроўцам

Дзяўчынка ледзь не трапіла пад аўтамабіль ДАІ падчас пагоні за п'яным кіроўцам. Здарэнне адбылося 17 лютага ў Маладзечне. Школьніца пераходзіла вуліцу па пешаходным пераходзе. Яна не рэагавала на гукавыя сігналы, не звяртала ўвагі на патрульны аўтамабіль, які імкліва набліжаўся. Як адзначае прэс-служба міліцыі Мінскай вобласці, толькі дзякуючы вадзіцельскаму майстэрству супрацоўніка дарожнай міліцыі, дзяўчынка не апынулася пад коламі легкавіка. Аўтамабіль абмінуў яе, а школьніца спакойна працягнула шлях і перайшла вуліцу.

Што да нецвярозага 32-гадовага мужчыны, які ехаў па горадзе на "Вольва", то яго супрацоўнікі ДАІ затрымалі. У яго не было пасведчання кіроўцы. За кіраванне ў стане алкагольнага п'янення ў снежні 2012-га мужчыну прыцягвалі да крымінальнай адказнасці і пазбавілі правоў кіроўцы на 5 гадоў. Цяпер жа на яго склалі адразу некалькі пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні.