Для арганізацыі кантрабанды Мінск выкарыстоўвае злачынцаў у Літве— кіраўнік VSAT
Рустамас Любаевас / LRT
Для арганізацыі запуску паветраных шароў з кантрабандай афіцыйны Мінск выкарыстоўвае злачынцаў у Літве. Пра гэта заявіў кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы (VSAT) Літвы Рустамас Любаевас.
"Рэжым Лукашэнкі, імкнучыся дасягнуць сваіх мэтаў, прыцягвае злачынцаў як з боку Беларусі, так і з боку Літвы. Таму мы і гаворым пра барацьбу як з групоўкамі, якія займаюцца кантрабандай у Літве, так і канкрэтна з кантрабандай паветранымі шарамі", — прыводзіць яго словы LRT.
На пачатку мінулага тыдня Міністэрства ўнутраных спраў Літвы паведаміла пра шырокамаштабную аперацыю пад каардынацыяй VSAT супраць кантрабандыстаў. У ёй удзельнічалі больш за 100 супрацоўнікаў розных праваахоўных ведамстваў, якія правялі больш за 30 ператрусаў ды пачалі іншыя дзеянні. Любаевас заявіў, што гэта толькі адно з мерапрыемстваў, якія ладзяцца цяпер. "Але гэтая аперацыя дала вельмі шмат інфармацыі, значнай інфармацыі, для працягу дзеянняў", — дадаў ён.
Для барацьбы з паветранай кантрабандай у Літве стварылі сумесную следчую групу, у якую ўвайшлі супрацоўнікі VSAT, паліцыі, мытні і Службы расследавання фінансавых злачынстваў.
У адказ на спыненне кантрабанды памежнікі атрымліваюць пагрозы і нават сутыкаюцца з дзеяннямі ў адказ. "Магу прывесці прыклад, калі пашкоджваюцца транспартныя сродкі супрацоўнікаў, якія працуюць у памежнай зоне. Гэта, скажам так, помста гэтых злачынцаў, якія займаюцца кантрабандай ці іншай незаконнай дзейнасцю", — падзяліўся падрабязнасцямі Любаевас.